Сёньня, Божа, іконы твае сьмяяліся.
Праваслаўны бацюшка Міхаіл Царквы Трох Сьвяціцеляў
за стырном у нецьвярозым стане спынены супрацоўнікам ДАІ
(зусім яшчэ маладзенькім, па вайсковых панятках – духам);
зь Ленінскага РАУСу – як добра, што ён недалёка –
выкліканая на асьведчаньне камісія з двух міліцыянтаў,
бацькі і сына.
бацюшка Міхаіл кляне ўсіх трох імём Госпада
бацюшка Міхаіл абяцае ўсім гарачыя пуцёўкі ў Пекла
бацюшка Міхаіл адчувае сябе сьвятым дамкратам –
ён бярэ за грудкі міліцыянта і ўздымае яго вышэй да Бога
таму складаецца ўражаньне, што ён ня хоча ў аддзяленьне
вялізны сьвятар трасе барадой
бамбіза-сьвятар не дае апрануць кайданкі
супрацоўніка царквы ледзь запхнулі ў машыну
урэшце едуць
бацюшка Міхаіл прызвычаіўся на пярэдніх месцах
бацюшка Міхаіл адчувае няёмкасьць
бацюшка Міхаіл прасоўвае нагу ў пярэднюю частку машыны
і пізьдзіць, пізьдзіць ёй кіроўцу і пасажыра-міліцыянта,
нялюбых сыноў праваслаўя, анафемскіх вырадкаў
машына спыняецца
бацюшку зьвязваюць ногі скураным рамнём
машына едзе да аддзяленьня
зрэшты, тое, што было далей, зразумела і нецікава
вобшук, допыт, складаньне актаў
бацька, сын і дух-ДАІшнік і іх адзіная воля і справа – любоў
і званок, каб хутчэй прыпынялі справу і ўсё забылі, ад некага зьверху
дзякуй, Божа, за сьлёзы ад сьмеху,
за жыцьцё і любоў, за свабоду і праўду
за званы Паднікольля і Царквы Трох Сьвяціцеляў
за своечасовыя тэлефанаваньні зьверху