Сяргій Жадан. Chicago Bulls

penbelarus.org · Сяргій Жадан. Chicago Bulls (пер. Віталь Рыжкоў)

Харкаў, 2006 год. Напружаная
крымінагенная сітуацыя. З цяжкой прамысловасці
ў горадзе развіваюцца адно супермаркеты.

І вось, калі рынак перанасычаецца,
адна сетка супермаркетаў пачынае ваяваць
з іншай.

Закладаюцца першыя бомбы,
лунаюць першыя выбухі,
псуюцца тавары,
разарваныя памперсы лётаюць над касавымі
апаратамі, як індычкі.

У адной сетцы супермаркетаў
працуе менеджарам дзяўчына, якую
ўжо даўно заябалі ўсе гэтыя супермаркеты,
але яна мусіць штодня, а восьмай,
прыходзіць на працу і гнісці
над распрацоўкаю чарговай
рэкламнай кампаніі
для
паленай
расійскай
гарэлкі.

У яе закаханы адзін з ахоўнікаў, стрыжаны
адбіты ахоўнік, які прыбягае
зранку ў хакейным швэдры чыкага булз, потым
надзявае ўніформу і робіцца падобным да гея.

І ён пакутуе, а яна нават
не глядзіць на яго,
ён для яе толькі ахоўнік
у підарскай форме;
яна здае канкурэнтам усе коды доступу, адкрывае
ўсе карты, яна ўсё пралічыла і ўсё прадумала,
і калі канкурэнты падрываюць у яе супермаркеце
чарговую бомбу, яна незаўважна здымае касу
і намагаецца знікнуць.

Але убоп прабівае па сваіх каналах
яе тэлефонныя размовы і ўжо чакае яе на паркоўцы,
і калі яна намагаецца знікнуць на сваёй бэсе, яны
блакуюць выезд, прастрэльваюць ёй жывот і крычаць ахоўніку:
эй, ты, підар, давай — абыдзі яе
з іншага боку.

Але ахоўнік неспадзявана адкрывае па іх агонь,
заскоквае ў бэху, перацягвае яе на правае сядзенне і імчыць
разам з ёю ў нікуды.
Такая гісторыя.

І вось ты ідзеш па горадзе,
і ўсё, што табе трэба, —
проста нармальна патрахацца,
проста цяпер і проста тут,
хоць раз нармальна, пасля ўсяго гэтага мазгаёбства,
пасярод усёй гэтай крымінагеннай сітуацыі, сярод усіх
гэтых супермаркетаў, якія растуць як грыбы,
забіраюць жыццёвыя сілы;
о, гэтыя супермаркеты, гэтыя канцлагеры
для бюджэтнікаў,
канвееры для лохаў.
Я БУДУ ЛАМАЦЬ КАСАВЫЯ АПАРАТЫ!
Я БУДУ ЛАМАЦЬ КАСАВЫЯ АПАРАТЫ!
ХОЦЬ БЫ РАЗ! ЗА ВЯЛІКІЯ ГРОШЫ!
ХОЦЬ БЫ З КІМ!!!

— Хто ты?
— Я хачу табе дапамагчы.
— Ты бог?
— Я твой антыкрызісны менеджар.
— Што гэта ў цябе?
— Гэта быкі Чыкага. Яна вывезуць нас, каханая, з гэтага дыму.
Зорная ноч схавае нас ад пераследнікаў.

Зброя нам даецца на тое, каб абараняць адно аднаго.
Жыццё нам даецца на тое, каб
памерці разам.
Глядзі, якая глыбокая восень навокал,
нарэшце пачынае падаць снег.

Па вуліцы ідзе ціхая шчаслівая сям’я.

— О божа, што гэта такое белае? — захоплена пытае хлопчык.
— Гэта снег, — адказвае мама.
— Гэта гарачка, — адказвае тата.