Сяргій Жадан. Жыць з літаратуры

penbelarus.org · Сяргій Жадан. Жыць з літаратуры (пер. В. Рыжкоў)

Калі-небудзь я пасмяюся з гэтага ўсяго –
о так, мы ўсе тады нарабілі столькі глупстваў,
жыццё змяняецца, мы
змяняемся разам з ім,
чыгунныя пласціны ў ключыцах спайваюць
косці намёртва, вось так
жывуць сапраўдныя паэты,
абрастаючы побытам, нібы тлушчам,
вось так паэты
кладуцца пад блядскую паэзію,
прадаюцца ёй, вось так
з нармальных мужыкоў
робяць паэтаў.

Калі-небудзь яна ўсё зразумее,
вядома, зразумее, што тут
разумець насамрэч –
рваныя мною кашулі,
пабіты ёю посуд,
вось так жывуць сапраўдныя паэты –
ані намёку на прыстойнасць,
прыстойнасць
прыдумалі
лібералы,
хай спачатку паспрабуюць жыць
як сапраўдныя паэты, ну, як яно –
шкада сябе? праўда ж,
шкада сябе? вось менавіта так
яны і жывуць – сапраўдныя паэты,
ага – менавіта так, сапраўднае жыццё,
сапраўдныя паэты.

Сапраўдныя слухачы,
тыя, хто слухае,
тыя, хто разумее, так – менавіта яны,
заўжды падтрымаюць і зразумеюць,
калі ты кажаш ім – госпад,
гэты пастух слабых, ён
памятае пра вас,
ён пастух, яму
што зіма, што лета –
адзін хуй, –
яны рэагуюць толькі на хуй.

Калі я кажу ёй – я
хачу з табой памерці,
яна слухае не да канца,
яна зусім нічога
не ведае пра смерць, так
жа, як і я нічога не ведаю
пра жыццё.

Калі-небудзь усё стане
на свае месцы.
Боль – панятак, што
залежыць ад часу,
а час працуе на нас.
Спаленыя знутры пакоі бардэляў,
менструальная кроў на рэвалюцыйных сцягах,
адсутнасць сумневаў,
адсутнасць успамінаў,
адсутнасць магчымасці нешта змяніць –
вось так жывуць сапраўдныя паэты,
вось так паміраюць сапраўдныя сволачы.