Там, дзе рэчы стануць рэкамі

penbelarus.org · Наста Кудасава - Там, дзе рэчы стануць рэкамі

там, дзе рэчы стануць рэкамі,
рэйкамі для ўцёку душаў,
я пайду з нутром парэпаным
марнадзёнства абцярушваць,
я пайду, пакіну многае,
дараванняў не чакаю,
бо была занадтаногаю
і ўпівалася шляхамі,
бо як здраднікаў адрынула
ўсе падручнікі й парэнчы,
я пайду – паўсюды вінная –
ў край без роспачаў і рэчаў…