Тэадор Крамер. Рэквіем аднаму фашысту

penbelarus.org · Тэадор Крамер. Рэквіем аднаму фашысту (пер. К. Маціеўская)

Памяці Ёзэфа Вайнхебера

Ты быў найлепшы з іх — і ты загінуў,
і вусціш абуджае смерць твая.
Абодва мы схадзілі ўсцяж краіну,
ты радаваўся небу так, як я.
Я ведаю, што быў табе далёкі
сэнс іхных словаў — як і іх выццё
і пустазвонства гэтага вытокі,
што больш за ўсё ты шанаваў жыццё.

Марш у нікуды. Ты нічый, ніякі
на шляху да нябыту й пустаты…
Ты ж не пайшоў бы, каб пазнаў іх знакі?..
Вось дзень суда настаў, і мёртвы ты.
Я, сябра, сам цябе забіў бы, можа:
цярпенне ў нас, да жалю, не ў цане,
каб іншых ратаваць ад бездарожжа…
Віна за смерць тваю ляжыць на мне.

І ўспамінаю пра цябе я сёння,
запісваючы гэтыя радкі.
Пяе цвыркун, гусцее шлейф сутоння,
плыве ў акно чаромхі пах п’янкі.
Нам нельга забываць ні тога бою,
ані здабыткаў нашых, ані страт.
Ў імя жыцця, любімага табою,
я плачу па табе, мой бедны брат.

Пераклад з нямецкай

Ёзэф Вайнхебер (1892—1945) — аўстрыйскі паэт і празаік. У 1931—1933 і з 1944 г. быў сябрам Нацысцкай партыі. Скончыў жыццё самагубствам 8 красавіка 1945, пасля ўваходу ў Аўстрыю савецкіх войскаў. Неўзабаве пасля ягонай смерці свае паэтычныя рэквіемы, прысвечаныя яму, напісалі двое этнічных габрэяў — найбуйнейшы нямецкамоўны паэт Румыніі Альфрэд Маргул-Шпэрбер (“Зорка ў віне”) і Тэадор Крамер (“Рэквіем аднаму фашысту”). Выступаючы аднойчы з прамовай, Вайнхебер заўважыў, што “лепш за ўсё цяпер па-нямецку піша ўсходнееўрапейскі габрэй Маргул-Шпэрбер”. Магчыма, дзякуючы і гэтаму таксама паэта не кранулі да канца вайны. Вайнхебер уважаецца за аднаго з найбуйнейшых аўстрыйскіх лірыкаў ХХ ст. Сярод яго ўважлівых чытачоў і прыхільнікаў, апроч названых паэтаў, можна згадаць Ўістана Х’ю Одэна, які таксама прысвяціў яму верш.