Ну што, пачнем, гэта павінна гучаць гучна,
а потым стане яшчэ гучней.
Бо так трэба пісаць верш пра палітыку
і дэкламаваць яго з сілай.
Вазьмі актуальныя навіны і змяшай з наборам банальнасцяў.
Абгарні гэта ў рыфмы, альбо рэпуй, пакуль не павераць.
Зыр на іх, пакуль не дойдзе.
Бо недзе ў Флорыдзе дагэтуль падлічваюць галасы.
Вы чулі? Недзе ў Флорыдзе дагэтуль падлічваюць галасы!
Глядзі, гэта ўдар, і ў цябе мусіць быць удар.
Болей за позірк, ён гаспадар, гэты ўдар – самая важная частка!
Удар – гэта трапна, удар – гэта кропка,
Удар у самае сэрца ўласна – гэта як пастка.
Бо недзе ў Флорыдзе дагэтуль падлічваюць галасы!
І Дзік Чэйні абасцыцца ў сутаргах захаплення.
Бачыш, што я зрабіў?
Зрабі з палітыкаў клоўнаў, гэта лёгка, асабліва з рэспубліканцамі —
Рудзі Гілані, Колінам Паўэлам і… Альбертам Горам!
Бачыш, што я зрабіў? Я назваў Альберта Гора рэспубліканцам!
Параўнай дзеля смеху персоны і асноўныя палітычныя партыі,
быццам камунізм гэта дэмакратыя наадварот,
быццам нам быў патрэбны не Ральф Нэйдэр, а Дарт Вэйдэр.
…Зноў залунае наш штандар, палыхне ўначы пажар… —
спыніцеся пасярэдзіне песні, якую ўсе ведаюць і любяць.
Гэта надасць вершу актуальнасці.
Бо палітычныя вершы заўсёды актуальныя.
Нельга марнаваць час!
Карупцыя працуе ў тры змены,
сквапнасці пофіг, якога ты колеру
і паліцэйскі аддзел Нью-Ёрку
набіты людзьмі, якія носяць зброю на сцёгнах
і бляхі, прышпіленыя да сэрцаў.
Несправядлівасць – не несправядлівасць,
гэта не справа для нас, не праўду і веды лілі ў вас,
правялі праз правады ў вас несправядлівасць.
Трэпанацыя трэба нацыі,
дзеля якой ты змагаешся за свабоду,
Спяваць для глухіх – слабо, да?
І нават калі я гэта кажу, недзе ў Флорыдзе дагэтуль падлічваюць галасы.
І гэта вымушае мяне зрабіць біт-бокс да рэпу:
Бо я бачыў капітуляцыю і прыватызацыю
я магу казаць з большай артыкуляцыяй
пра інфляцыю і атамную радыяцыю
я глядзеў прэзідэнтскую інаўгурацыю
але больш паважаю мультыплікацыю
я буду мець рацыю, калі раскрыю інфармацыю,
што слэм-акцыі — гэта маніфестацыі
паэтычнай мастурбацыі і эгаістычнай эякуляцыі…
Паболей цікавых рыфмаў на «-ацыя»!
А ў Флорыдзе дагэтуль падлічваюць галасы,
і пакуль ты скончыш верш,
гэта ўжо будзе няважна.
Усё што ты можаш зрабіць —
заплюшчыць вочы,
прыцішыць голас і скончыць верш, паўтараючы:
той самы радок тры разы
той самы радок тры разы
той самы радок тры разы