Вечарына паэзіі ў Цэнтры Паэзіі
выйшла цёплая і ўтульная.
Аўдыторыя была запоўненая слухачамі,
а паліцы – паэтычнымі кніжкамі.
Усе пяцёра паэтаў былі вельмі таленавітыя
і шырока вядомыя ў сваіх краінах.
Усё было вельмі карэктна.
Лэдзі чытала першай,
а чацьвёра джэнтльмэнаў – другімі.
Лэдзі сказала, што яе вершы
не перакладзеныя на ангельскую,
і прачытала кавалак з рамана.
Першы джэнтльмэн сказаў, што ягоныя вершы
таксама не перакладзеныя на ангельскую,
і прачытаў апавяданьне.
Другі джэнтльмэн сказаў, што ягоныя вершы
перакладзеныя, але
ён усё адно пачытае прозу,
бо так яго лепей зразумеюць.
Трэці джэнтльмэн прызнаўся,
што ўвогуле ня піша паэзіі
і будзе адзіным тут празаікам,
чым вельмі ўсіх насьмяшыў.
Толькі чацьверты джэнтльмэн
прачытаў адзін верш,
у арыгінале і па-ангельску,
але кітайскі акцэнт быў такі,
што мала хто адрозьніў першае і другое.
Мадэратар вельмі цешыўся
і выразіў надзею, што паэзія
і надалей будзе жыць і разьвівацца
ў іхных краінах, на іхных мовах.
Я таксама парадаваўся, і было ад чаго:
за ўсю вечарыну паэзіі ў Цэнтры Паэзіі
ніхто не пачуў ніводнага кепскага верша.