У тэме вады плаваюць нават рыбы

penbelarus.org · Віталь Рыжкоў - У тэме вады плаваюць нават рыбы

чым болей бруду, тым большы буда —
разумеючы гэта, моцна сціскаеш зубы.
пастарайся прынамсі не даць дуба,
калі апынуўся ў ролі зубра з песні пра зубра.

за тое, што сверб шукання толькі расце, ашуканы,
этэру больш не дадуць брэтэру.
калі зразумееш, што сам і трапіў ва ўсе капканы,
хай прарвуцца за кола ўсе тыя, ў каго ты верыў.

бо калі жыццё па коле ўспрымаць як такое
і калі пакінуць як ёсць гэты вулей,
варта прыдумаць, як пазбягаць усяго, што непакоіць,
што раздражняе і што нервуе.

месца подлых, вядома, наводдаль,
ды заўсёды зарана ўздыхнуць з палёгкай —
бо калі законы жыцця афармляюцца ў зводы,
досвед пасля гартавання робіцца крохкі.

чым болей вады, тым вышэй карабель.
у любым выпадку — шырэйшы далягляд.
і калі ўсіх заела марская хвароба, толькі табе
застанецца крыкнуць «зямля!»