Урывак другі з аповесці “Настаўнік заўжды вінаваты”

penbelarus.org · Марыя Роўда - Настаўнік заўжды вінаваты (другі ўрывак з аповесці)

Вера перасела з канапы да стала (шкада ўсё-ткі выкідаць такі вялізны стол: дзе яна дзене свае паперы?). Уключыла нетбук. Забыла, забыла пра вячэру. Ну, нічога, пасьпеецца. Гатаваць пры дзецях можна, а артыкулам займацца нельга. Паставіла пальцы на клавіятуру. Засяродзілася, нібы ў малітве. Зрабіла ў часе крок. Надрукавала, гледзячы, як разгортваюцца перад ёй карцінкі мінулага: “Фларыян Юльянавіч Цяцерскі. Гады жыцьця: 1771, фальварак Цяцерын, – 1843, Парыж.”

…Фларыян імчаў на кані праз вясновы лес. Гэна была яшчэ не сапраўдная вясна – канец красавіка. Шмат дзе пад дрэвамі заставаўся ляжаць сьнег. Але ў паветры лунаў ні з чым непараўнальны водар, калі пачынае дыхаць зямля, амываецца адлігай мох і паваленыя дрэвы, пахне перапрэлым лісьцем, талай вадой і маладымі парасткамі. На сэрцы ў Фларыяна было лёгка і радасна: гэтая вясна абяцала быць непаўторнай, і наперадзе ў яго быў бясконца доўгі шчасьлівы лёс. Адгэтуль жыцьцё ў ягонай айчыне вернецца да сваіх разумных вытокаў і ўдасканаліцца, таму што ўсе людзі паспалітыя атрымаюць свабоду. Яны будуць мець грамадзянскія правы, будуць існаваць у сьвеце, дзе пануе разумнасьць і працьвітаньне. Кожны грамадзянін будзе імкнуцца да самарэалізацыі, рабіць свой унёсак у дабрабыт сямьі, свайго маёнтку і гораду, сваёй вёскі і радзімы. Вялікае княства ізноў будзе цэласным, незалежным, роўным сярод іншых краінаў, і ў ім будзе панаваць найвышэйшы розум, закон.

Фларыян быў на ўздыме. Напісаны ім верш-заклік да барацьбы разьляцеўся па ўсіх атрадах. На яго глядзяць з павагай і шляхта, і сяляне. Ён цяпер вялікі чалавек, ідэйны натхняльнік паўстаньня, амаль як ягоны герой Якуб Ясінскі. Сам Міхал Клеафас Агінскі перадаў Фларыяну ўхвальны ліст празь людзей са свайго бліжняга маёнтка. А сёньня Крумкача прызначылі кіраўніком атрада. Для ўсіх відавочны ягоны моцны баявы дух, ён умее натхняць людзей, умее зь імі размаўляць, і мала хто страляе і фехтуе гэтак добра, як ён. Фларыян ляўшня. Калі трэба, ён можа карыстацца зброяй любой рукой. Ён будзе адважным ваяром. Да ўсяго кожны ведае гэтую байку пра тое, што яго загаварыла ад кулі і ад шаблі маці. Перад тым як пераспавіць, узяла яго маленькага за пятачку, пацалавала ножку і прамовіла: “Няхай не возьме цябе ні куля, ні шабля.” Бабы, што служылі ў іхным маёнтку, разьнесьлі гэтую чутку па вёсцы і далей па навакольлі. Ён сам пасьмейваўся з гэтых жаночых прымхаў, але пакуль, сапраўды, ён заўжды сыходзіў сухім з вады. Ён будзе непераможным ваяром. Ён будзе служыць сваёй айчыне і Богу, каторы на баку разумнасьці і сьвятла. Яны не могуць не перамагчы: у іх, як трапна сказаў Касьцюшка, “палітычна мудрыя намеры”. Фларыян прыхінуўся да шыі каня і панёсься на ім так хутка, што здавалася, вецер выдзярэ яго зь сядла. Імгненьнямі ў Фларыяна зьяўлялася ўражаньне, што ў яго вырасьлі крылы, і ён зараз узьляціць, паплыве над лесам, над полем, над вясновым пахам, над родным маёнткам. Ён рэалізаваўся. Ён знайшоў сваё прызначэньне ў жыцьці – здабыць волю паспалітаму люду. Несьці сьвятло ведаў, агмень мастацтва. Ён быў шчасьлівым маладым чалавекам, чый палымяны верш зараз прамаўляюць і ў шляхецкіх сядзібах, і ў гарадскіх пакоях, і ў сялянскіх хатах. Ягоны верш ляціць хутчэй за яго самога. Фларыян яшчэ мацней прыціснуўся да конскай шыі, яшчэ вастрэй адчуў пах конскага поту. Зьвярнуў увагу на валаскі на вушах каня. Усё наўкола плыло ў яго перад вачмі, лопалася ад салодкай радасьці, якая расьпірала яму жывот, шчыміла грудзі. Усё цяпер будзе добра. Усё цяпер будзе правільна. Усё цяпер будзе, як мае быць…

Увосень ён гэтак жа імчаў празь лес. Прыхінуўся да шыі каня, каб не зачапіла куля. Адчуў моцны пах конскай скуры. Валаскі на вушах каня былі выяўней за навакольле, рэчаісьней за паўстаньне, за ідэалы, за выцякаючую скрозь пальцы радзіму. Падаючае лісьце падавалася вялізным. Як быццам гіганцкія жоўтыя, аранжавыя і чырвоныя птушкі гатовыя былі кінуцца яму ў твар, даць крылом па вачах. Крумкач. З драпежніка ён пераўтварыўся ў ахвяру, і тонкакрылыя лісьцінкі зграяй нападалі на яго. За ім гнаўся атрад расейцаў. Ён даў каманду сваім людзям адыходзіць празь лес, а сам скочыў на каня і панёсься па дарозе, каб адвесьці ад сваіх ворага. Можа быць, ён спадзяваўся, што зробіцца ветрам, будзе хутчэйшы за вецер? Дагэтуль ён быў няўлоўным, непераможным. І зараз здолее ўцячы і сабраць па лесе сваіх сяброў. Ён Крумкач, легендарны герой паўстаньня, каторым захапляюцца і свае, і ворагі. Куля прасьвістала зусім блізка. Які дзіўны гук. Гідкі. Салодкі. Ён выклікае прыліў адрэналіну ў крыві. Чым мацней сьвішчуць кулі, тым шырэй раскрываюцца ягоныя чорныя крылы, баронячы цела. Ён замоўлены. Кожны ведае гэтую байку. Стрэлы праціўніка суправаджаліся цяпер бесперастанным ціўканьнем куляў. Фларыян зразумеў, што ягоны конь – цудоўная мішэнь, і ворагу лягчэй будзе яго падстрэліць. Крумкач саскочыў з каня і адкаціўся ў лес. Па правым баку ішла нізінка з балотцам. Ён ведаў гэта, бо яго і сястру цягалі туды маці з бабкай за журавінамі. Нявартая мужчыны справа. Якому хлопцу падабаецца валандацца зь ягадкамі – гэта не тое самае, што хадзіць у грыбы. Гэтай восеньню грыбы ратавалі іх атрад ад голаду. Паўстаньне губляла моц, наўкола быў вораг, памешчыкі не хацелі даваць правіянт. Крумкач пачуў, як заіржаў і паваліўся падстрэлены конь. Грымнуўся і пакаціўся кубарам. Крумкач бег далей паміж дрэвамі і кустоўя. Ізноў стрэл. У яго? У каня? Раптам боль працяў пяту. Боль быў такі моцны, што аддаўся ў галаве, і нават незразумела было, што паранена – галава ці нага. Цёплая вадкасьць палілася ў бот. Фларыян падумаў, што гэта гучыць, як у рыцарскіх раманах. Ён яшчэ спрабаваў бегчы, ступаючы на параненую нагу і ўскрыкваючы, а потым сьціснуўшы ад болю зубы, але вельмі хутка яго дагналі перасьледвальнікі і ўзялі ў палон.

Фларыян сядзеў у астрозе на шляху паміж Унечай і Бранскам. Разам зь ім сядзелі людзі Агінскага. Там жа ён сустрэў некалькіх са сваіх паплечнікаў. Шляхта магла сустракацца паміж сабой, сялян трымалі ізалявана. Фларыян ведаў, што ніхто зь сяброў не выдасьць яго, а асабістых ворагаў ён не пасьпеў нажыць. Усё жыцьцё ён выклікаў у людзей адно захапленьне сваімі талентамі і вартасьцямі. Ваяваў ён пад мянушкай, і доказаў ягонай ролі ў паўстаньні не было. На допытах Фларыян пацьвярджаў, што так, ён адстрэльваўся ад расейскіх салдатаў. Але ён мог быць звычайным шляхцічам якіх заўгодна поглядаў, які ратаваўся ад узброеных людзей. Узброены сам, бо час неспакойны. Якія мáе перакананьні? Ён чалавек адукаваны, ідэалы Французскай рэвалюцыі яму блізкія і ўяўляюцца прагрэсіўнымі. Падзел Рэчы Паспалітай? Нельга прымусіць людзей у адно імгненьне памяняць сьвядомасьць. Гэта іхная агульная радзіма – палякаў і ліцьвінаў. Спрадвечна расейскія землі? Не ведаю. Расейцаў мала ў сваім жыцьці сустракаў. Сёе-тое з расейцаў чытаў, асабіста не знаёмы. Ягоны род месьціцца на гэтай зямлі не меней за трыста гадоў. Суседзі – людзі таксама не прышлыя. Сяляне ўвогуле нікуды не кратаюцца – абрабляюць гэтую зямлю ад цара Гароха. Дзякаваць Богу, плодзяцца, перадаюць у спадчыну свае рамантычныя абрады і традыцыі, музыку і майстэрствы. З гэтага пункту гледжаньня яны людзі сьветлыя. Цёмныя, бо не ведаюць сваіх магчымасьцяў. Так, ён вандраваў пасьля навучаньня ва ўніверсітэце. Захапляўся рыцарскай эпохай, аб’езьдзіў амаль усю Заходнюю Эўропу. І сяляне, і паны, і месьцічы там багацейшыя. Ён быў звычайным падарожнікам. Харчаваўся і плаціў за начлег грашмі, дадзенымі ў дарогу бацькамі. Хоць-калі расплочваўся малюнкамі і граў на скрыпцы. Можа, гэта і не варта шляхецкага гонару, але ён быў малады, ім кіраваў дух авантуры. Меў лісты да далёкай радні і знаёмых. Спыняўся ў іх. Да паўстаньня вандроўка не мела дачыненьня. У Расею не езьдзіў: меў іншы плян падарожжа, бо чытаў іншую літаратуру. Цікавіўся эўрапейскім сярэднявеччам. Па вяртаньні на радзіму працаваў хатнім настаўнікам маляваньня і музыкі. Ажаніцца не пасьпеў. За адсутнасьцю непасрэдных доказаў актыўнага ўдзелу ў паўстаньні, акрамя наяўнасьці зброі і спробы адстрэльвацца падчас затрыманьня, сасланы ў Сібір за спачуваньне паўстанцам, магчымы ўдзел у бандыцкіх асацыяцыях, распаўсюджваньне небясьпечных бунтарскіх ідэяў і падбухторваньне да бунту сялян і шляхты, зь якімі падтрымліваў актыўныя стасункі пад прыкрыцьцём настаўніцкай дзейнасьці і збору фальклёру. Пазбаўлены шляхецкага гонару, правоў і маёмасьці разам з усім родам і непасрэдна стрыечнымі братамі – кіраўнікамі бандыцкіх асацыяцыяў.

У камеры Фларыян заплюшчваў вочы і бачыў тое імгненьне, калі ён вясной скакаў празь лес, перажываў яго раз за разам. Гэна быў момант шчасьця, спраўджанасьці быцьця, калі разумееш, што ўсё рабіў менавіта дзеля гэтых хвілінаў душэўнага ўздыму. На што яны спадзяваліся? Яны кіраваліся сваёй верай, сваімі перакананьнямі. Паўстаньне павінна было перамагчы, таму што ў іх былі талковыя правадыры, а іхныя ідэі, зьмены, каторыя яны задумалі, былі прагрэсіўнымі і разумнымі. Гэта павінна была быць перамога розума над абсурдам, адсталасьцю і бязладзьдзем. Няўжо ж яны няўгодныя Богу? Можа быць, яны і ўгодныя Богу, але непатрэбныя людзям – магнатам, буйным землеўладальнікам, нават сялянам, каторых яны меліся ашчасьлівіць. Шмат хто зь іх будзе лічыць інсургентаў злачынцамі, як закамандуе новая дзяржава, бо ня ў стане зразумець, чаго паўстанцы для іх хацелі. Паўстанцкія імёны будуць зганбленыя для людзей, але ж гэта імёны змагароў за сапраўднае шчасьце народа. І што думаюць пра яго сваякі? Як цяпер зайдзе замуж ягоная сястра? Празь ягоную дзейнасьць і працу братоў увесь род пазбаўлены шляхецкіх правоў. Яны болей не будуць мець гонару служыць сваёй айчыне, як служылі раней, калі былі актыўнымі творцамі ейнага лёсу. І якая цяпер у яго радзіма? Як яна завецца? Што цяпер ёсьць ягонай радзімай? Месца засталося тым самым, але як быццам бы нехта пакрыў палатно новай грунтоўкай, і яны ўсе апынуліся пад тоўстым слоем сьвежых фарбаў, нанесеных грубымі, тоўстымі мазкамі. Яны твор, пра каторы ніхто не будзе ведаць, бо пра старую карціну забудуць, і ніхто яе не ўбачыць, пакуль новананесены слой не пойдзе трэшчынамі пад узьдзеяньнем часу…