Урывак першы з аповесці “Настаўнік заўжды вінаваты”

penbelarus.org · Марыя Роўда - Настаўнік заўжды вінаваты (першы ўрывак з аповесці)

Тым не менш, праз некалькі гадоў пасьля сьмерці Лявонаўны да Ларысы спакваля прыйшло асэнсаваньне, што цяпер нішто не зможа азмрочыць ейнае сямейнае жыцьцё. Тады ж Ларыса ўпершыню трапіла ў Францыю. Ёй было трошку за сорак, яна была маладым доктарам навук па раманістыцы, у яе былі муж і дачка, даволі здаровыя і яшчэ не старыя бацькі, і яна нарэшце зрабілася паўнаўладнай імператрыцай у сваім сьвеце. Калі яна разам з калегамі і таварышам з органаў выйшла на вакзале ў Парыжы, яе агаломшыла столькі гадоў прагнутая французскасьць: французская мова наўкол, іншы пах, іншыя выразы на тварах, іншая архітэктура. Нават ня верылася, што можна вось так сесьці ў Менску на цягнік і трапіць у столькі гадоў вывучáны і любімы сьвет, хай сабе і прайшоўшы папярэдне сіта характарыстак, урачоў, даведак. Яна была абранай сярод абраных, і, як потым высьветлілася, большая францужанка за саміх францужанак. Дзякуючы менскаму інстытуту замежных моваў, у Ларысы было чыстае вымаўленьне, яна выказвалася на граматычна правільнай літаратурнай мове, і, маючы ідэалістычнае ўяўленьне пра французаў, яна гутарыла ў асноўным пра ўзьнёслае. Напачатку некаторыя французы прымалі яе за гэбістку, бо ім не верылася, што чалавек, каторы ўпершыню трапіў у Францыю, можа так добра валодаць мовай і ведаць культуру краіны. А як Ларыса была апранутая! Усімі праўдамі і няпраўдамі даставаная тканіна была ператвораная рукамі Ларысы ў элеганцкія строі. На ёй жа была індывідуальна шытая вопратка! А Ларысе гэтак марылася накупіць сабе крамнай…

Агаломшаная, Ларыса правяла ў Парыжы некалькі першых тыдняў, каторыя падаліся ёй вечнасьцю. У яе літаральна похла галава ад уражаньняў, падзеяў, жаданьняў і шчасьця. Яна сумавала па Лёніку і Веры, перад сном пісала ім лісты і, не дапісаўшы, падала ў ложак спаць, бо назаўтра трэба было ісьці на заняткі, бегчы па музеях і крамах. Яна як быццам бы апынулася на плёнцы з французскім фільмам, і яе хутка-хутка закручвала з бабіны на бабіну разам з вобразамі, рухамі і галасамі. У такім стане Ларыса і пазнаёмілася зь Філіпам, каторы вёў у іх семінары па семіётыцы. Ларыса займалася зь вялікім імпэтам. Ёй уяўлялася, як яна, вярнуўшыся дадому, зробіцца сур’ёзным сьпецыялістам па прадмеце і паедзе на канферэнцыю ў Маскву з арыгінальным дакладам, апранутая ў куплёнае ў Парыжы адзеньне. Ларыса ўважліва слухала выкладчыка, кансультавалася ў яго па прачытаным, і ўрэшце рэшт Філіп усё болей пачаў зьвяртаць асабістую ўвагу на таленавітую беларуску. Некалькі разоў пасьля заняткаў ён запрасіў яе ў кавярню папіць кавы і пагаварыць на адзьцягненыя тэмы. Ларыса паставілася да гэтых запрашэньняў з усёй адказнасьцю выдатніцы і, баронячы гонар роднага інстытута, дэманстравала свае веды. Празь нейкі час Філіп ужо не мог дачакацца гэтых размоваў, і яны сустракаліся рэгулярна тры разы на тыдзень пасьля семінараў. Ларыса рыхтавалася да гэтых сустрэчаў, як першакурсніцай да семінараў па лёгіцы – гадзінамі седзячы ў бібліятэцы і штудзіруючы ўжо не задачы па лёгіцы, а сучасную лінгвістыку, літаратуру, часопісы па мастацтве і французскія газеты. Філіп знайшоў сабе музу. У яго зьявілася ўдзячная студэнтка, аддушына для душы і розуму. І ніхто не паказаў бы на яго пальцам, таму што гэта была сталая жанчына-аднагодка. Замужняя, цалкам бясьпечная дама. Па вялікім рахунку, калега. Але яна была, як дзяўчынка. Маленькага росту, з кароткай стрыжачкай, жвавая і танкарукая. Зь неадпаведна тоўстым заручальным пярсьцёнкам па безыменным пальцы левай рукі. Калі Філіп спытаў, на якой руцэ ў іх прынята насіць пярсцьёнак, Ларыса адказала, што на правай, але пярсьцёнак спадае ў яе з правай рукі, і яна мусіць насіць яго на левай. Яму муляў гэты пярсьцёнак – нейкая макарона на такім далікатным пальцы, і перад Раством, купляючы падарункі для жонкі, дзяцей і маці, Філіп набыў пярсьцёнак і для Ларысы. Прымяраўся, прыкідваў, глядзеў каршуном на палец, прымружыўшы вока, каб не прагадаць з памерам, і ўрэшце выбраў правільна – танюсенькі пярсьцёнак-трыніці.

Ларыса спужалася. Гэта быў такі дарагі падарунак, хоць сам Філіп сумняваўся, ці не банальна выглядае на Ларысе ўпрыгожаньне, набытае ва ўнівермагу, а не ў ювелірнай краме. Ларыса не ведала, як ставіцца да такога двухсэнсоўнага прэзента: яна ж глядзела кіно. Ім зь Лёнікам дапамаглі купіць заручальныя пярсьцёнкі ейныя бацькі, і маладыя набылі тое, што змаглі выхапіць у адмысловай краме для тых, хто бярэцца шлюбам. Сяброўкі зь інстытута падказвалі ёй, што можна паехаць закупіцца для вясельля ў Вільню, але Ларыса, як агню, баялася гэнай вузкай брукаванкі на Вільню: раз-пораз распавядалі пра пары, якія разбіліся на ёй, едучы купляць вясельную сукенку, а Ларысінага дзядзьку ледзь не разрэзала ў аварыі надвое, як крэсла, на каторым ён сядзеў – ды добра, ён пасьпеў зваліцца на падлогу. Калі Філіп працягнуў ёй падарунак, Ларыса, у стане поўнай разгубленасьці, мялася, чырванела, бляднела, але ўрэшце рэшт успомніла пра дружбу народаў, ідэалы Французскай рэвалюцыі і пярсьцёнак узяла. Яна не ведала, як паставяцца да такога прэзенту муж і таварыш з органаў, і вырашыла потым схадзіць у краму, даведацца пра кошт і зманіць, што купіла сама. Яна ж таксама, ведаючы, што на Раство прынята дарыць сябрам падарункі, купіла Філіпу шалік. Яшчэ калі яны сябравалі зь Лёнікам, Ларыса думала, што падарыць яму на дзень народзінаў, і бабуля раіла ёй так: “Калі ты зьбіраешся зь ім жыць, то падары кашулю, а калі не, то падары гальштук.” Ларыса вырашыла, што для Парыжа гальштук не гадзіцца і выбрала шэры кашаміравы шалік. Упякнуўшы ў яго грошы, яна супакойвала сябе тым, што на Веру і Лёніка ёй грошай яшчэ хопіць, а ёй самой нічога крамнага болей не трэба: шыла раней, абойдзецца самашытым і зараз. І так ужо накупіла сабе чамадан тканіны. І да кожнага адрэзу набыла сумачку і туфлі. Не магла стрымацца, асабліва таму, што гэта неперадаванае пачуцьцё, калі ты прыносіш у краму касьнічок, просіш сабе аксэсуары пад тон, і прадавачка дэманструе табе некалькі рэчаў на выбар. І не трэба стаяць пяць гадзінаў у чарзе, як яна стаяла за сваімі чэшскімі туфлямі, ці ехаць у Маскву, каб купіць сумачку. Дзеля такога можна і сэканоміць на ежы, тым больш што жанчыны наўкола былі такімі худымі, што нават Ларыса зь ейнай падлеткавай фігурай падавалася сабе тоўстай.

Праз пару дзён пасьля абмену падарункамі, Філіп, адсьвяткаваўшы Раство зь сямьёй, надумаў на Новы год запрасіць да сваёй маці Ларысу. Філіпава маці жыла адна пад Парыжам. Наслухаўшыся расповедаў пра таленавітую студэнтку, яна захацела пазнаёміцца з Ларысай асабіста, тым больш што ейны дзед, які сябраваў з польскімі эмігрантамі, распавядаў, што яны былі людзьмі адукаванымі, абазнанымі ў мастацтве. Гэтае сяброўства “перадавалася ў спадчыну”: дзедаў дзед і бацька таксама блізка ведалі палітычных уцекачоў з былой Рэчы Паспалітай. А пачалося ўсё з таго, што нейкая далёкая пра-пра-прабабка яшчэ падчас напалеонаўскіх войнаў зайшла замуж за свайго хатняга настаўніка музыкі з Польшчы. Гэтак тыя палякі адзін аднаго і цягнулі на чужыне. Дзеда зьдзіўляла іхнае самавызначэньне, таму што яны клікалі сябе то палякамі, то, здаецца, літоўцамі, то беларусамі. Невялікае дасьледаваньне палітычнай карты сьвету паказала, што Беларусь – недалёка ад Польшчы і Літвы, і маман захацелася паглязець на знаёмую сына, якая магла нагадаць ёй пра дзеда. Каб гэта не выглядала падазрона, і каб Ларысе не было няёмка, Філіп запрасіў і ейную калегу-прыяцельніцу, а там мусіў клікаць і таварыша з органаў. Для такіх нагодаў у беларусаў былі прыпасеныя набор цукерак “Белавежская пушча”, плеценая з саломкі шкатулка і вышываны рушнік з сувенірнай крамы.

Філіп заехаў за сваімі студэнтамі на машыне. У ягоным “сітраэне” пахла скурай сядзеньняў і зусім інакшымі, чым у Ларысінага мужа, цыгарэтамі і духамі. Было цёпла, грала радыё. Яны пад’ехалі да асьветленага вокнамі двухпавярховага дома, які на той момант падаўся Ларысе палацам. Жонка Філіпа з сынам і дачкой прыехала на сваёй машыне раней. Ларысе здавалася, што ад іх сыходзіць зьзяньне, як ад мадонны і Іісуса – настолькі яны былі французскія французы. А зграбная, дагледжаная маман падарыла Ларысе загорнуты ў падарункавую паперу пакуначак, у каторым угадвалася скрыначка з духамі. Падкладаючы госьці на талерачку французскія сыры, гаспадыня безупынку размаўляла зь ёй пра імпрэсіяністаў і экзістэнцыялістаў, Валеньція Ваньковіча і Напалеона Орду, Адама Міцкевіча і Гіёма Апалінэра, Казіміра Малевіча і Рамэна Гары, Хаіма Суціна і Марка Шагала. Ларыса не заўжды разумела выбар гаспадыні, не ведала ўсіх згадваемых імёнаў і зьдзіўлялася пра сябе, што Напалеон меў дачыненьне да мастацтва і да арды. Ларыса пачала падазраваць, што маман рыхтавалася да сустрэчы зь ёй у бібліятэцы, як яна сама да спатканьняў зь ейным сынам. На ўсялякі выпадак, каб падтрымаць размову, Ларыса ўзгадала крэм “Пані Валевска” у сіняй баначцы, хоць ёй было б прасьцей пагаварыць пра ніколі раней не каштаваны сыр. Гаспадыню парадаваў новы кірунак размовы пра амурныя сувязі французаў і палякаў, і яна распавяла пра свайго польскага продка. Гэта было не зусім дарэчы, таму што Ларыса адразу засумавала: як бы і не сапраўдная францужанка гэтая маман, і Філіп, лічы, часткова паляк, а не француз. А што дзіўнага ў гэтых паляках? Яна сама ня поймеш хто – ці тое беларуска, ці тое полька. Але маман чамусьці было вельмі важным пацьвердзіць рэальнасьць таго продка-паляка. Яна ўстала з-за вялізнага авальнага стала, падышла да камода і перадала Ларысе акварэльны малюнак, напісаны тым прадзедам. “Мой любімы,” – падзялілася маман з Ларысай. Гэна быў даволі звычайны акварэльны пейзаж. Халоднае азярцо, справа на пярэднім пляне – сосны, па левым баку ідзе паўкругам лес, за ім – царква, на другім беразе – сядзіба, хаткі, правей – сяляне пасьвяць кароў. Карціна падалася Ларысе простай і вельмі знаёмай. Здаецца, яна недзе сто разоў бачыла падобную выяву і нават пачула плёск хваляў, адбітыя паверхняй вады гулкія крыкі і сьмех дзяцей, адчула пах сьвежай рыбы, сасновага бору і суніцаў. Але яна не магла тады ўзгадаць, ці ведала нешта шакшталт насамрэч. І ці магла яна бачыць нешта, адлюстраванае на карціне хай сабе і не зусім, але ўсё ж французскага мастака? Гэты французскі дом, французская ежа, французскае віно, ейныя першыя ў жыцьці французскія духі, французская машына Філіпа і збольшага францужанка-маці як быццам зачаравалі Ларысу, пазбавілі яе волі. Яе панесла хваляй, і невядома было, куды яе вынесе.

Ноччы Ларыса ляжала ў маленькім гасьцявым пакойчыку, абабітым тканінай з кветкамі, і плакала ад зайздрасьці, ад жарсьці да нармальнага здаровага жыцьця. І ёй хацелася ўгрызца ў гэтую сямью і жыць у ёй, чым заўгодна – нават паразітам. Хоць і шкада было, што не яна першая адкрыла для сябе гэты сьвет, і што тут ужо патаўкліся перад ёй палякі. Але ж калі гэна было! Ларыса думала, як жа пашанцавала Філіпавай жонцы, што ў яе такая сьвякроў, якая печы ніколі ў вочы не бачыла і ведае толькі, што такое камін у загарадным доме. Сьвядомасьць Ларысы кляшчом упілася ў гэтую вытанчаную, цывілізаваную дамачку, якая цяпер назаўжды асацыявалася ў яе з абазнанасьцю ў мастацтве, раскошай і падаранымі духамі. Ларыса нават не пшыкнулася імі, каб не быць непрыстойнай і не насьлядзіць у гэтым казачным доме – проста панюхала флакончык. Ад сапраўдных французскіх духоў у яе ажно галава забалела. Яна павезла іх дамоў у Менск некранутымі, таму што там гэта быў знак замежжа, недасяжнага шыку і багацьця, каторае трэба было расьцягнуць надоўга.