усё пачыналася з ранішніх цёплых тралейбусаў,
што нас калыхалі ў снах замест першай пары,
у цёмных падвалах мы слухалі нашыя лекцыі,
на мокрых падворках адказвалі на семінарах;
усё пачыналася з брудных прыступак сектара
і аўтазакаў, з сабакаў на першы выезд,
дзе мы здавалі нашую летнюю сесію
з практыкай, абаранялі свае курсавыя;
усё пачыналася з ціхіх запыленых лецішчаў
і шумных мастоў над транспартнымі развязкамі,
сонечных дзённых промняў і зораў увечары,
з горкіх апладысментаў і сьлёз ад радасьці.
глобусы, атласы, компасы за непрыдатнасьцю
выкінуўшы, на пошукі новага полюса
вырушым, не забываючы, як прыўкрасна
ўсё пачыналася, і ўсё ніяк ня скончыцца.