Узмах крыламі

penbelarus.org · Віталь Рыжкоў - Узмах крыламi

Я вачамі гляджу астылымі:
не пакідай
іржавець з паштовымі скрынямі!
І расстаньня не пераблытаю –
узмахнеш, адлятаючы, крыламі.

Я блукаю пакоямі брыдкімі,
канчаткова заблытаны крыўдамі.
Расстаемся.
У гэтым выпадку,
узмахнеш, адлятаючы, крыламі.

Ўсьлед кульгаю з тугой першабытнаю,
бо вяртаньне –
па вадзе віламі…
(Не займела ўзьдзеяньня прымаўка –
узмахнеш, адлятаючы, крыламі).

Ты мне вочы адкрыла, мілая! –
узмахнеш, адлятаючы, крыламі.

Я ўвесь посуд склею ды вымыю! –
узмахнеш, адлятаючы, крыламі.

Ты жадала бясьпекі ды выраю
і ня ведала, што рабіць
з крыламі…
Мілая, ў небе хапае пастак –
загінеш,
парэзаная крыламі ластавак.
Адкуль ты ведаеш, – ляці, калі ласка! –
можа, яны і ня грэбуюць мясам.
Ты не баішся іх, ганарлівая,
Узмахнеш, пакідаючы, крыламі.

Апантана ўчапілася ў неба,
на разьвітаньне ўзмахнула, бачыце?
І мне да яе дацягнуцца – нельга.
Хоць і ўстаю
на пальчыкі.