Вада помніць імя тваё,
Шэпча яго ўначы,
Хадзі да мяне са сваіх раёў,
Не знікай, не маўчы.
Вада насіла ў сабе рыб,
Ззяла срэбрам лускі.
Плынь цягнула “бяры, бяры”,
А хто ты цяпер такі?
Вада хавала нас ад прынад
Прамоўленых таямніц,
І ў глыбіню, як у дзіўны сад,
Ты ўваходзіў, бы падаў ніц.
На самым дне, як у вязкім сне,
Мяне твой водар насціг,
І тых, хто не даў веры блясне,
Схаваюць водарасці.