Вадзім

penbelarus.org · Наста Кудасава - Вадзім
Вадзіму Амірханаву
… а лёсы звіваюцца самі ў такія віры,
што рук не ўзгадаць і п’янее плаўнік за плячыма.
імя тваё – споведзь вады,
правадыр белых рыб,
зялёнага мора зялёная ў сэрцы радзіма.
і хай я ў дарозе,
дзе кожны, як вечнасць, адзін,
дзе змрок спакушае штокрок памыліцца і ўпасці,
я помню імя, што як вырак – ідзі і вядзі!
і рыбай іду на святло з песняй болю і шчасця…