Ваўкалак

penbelarus.org · Марыя Роўда - Ваўкалак (апавяданне)

У кожнай жанчыны ёсць свой ваўкалак. Мужчына, які будзе ісці да яе праз ноч, а потым шукаць неабходны пад’езд і, як дваццаць гадоў таму, памыляцца. Напачатку яго будзе выручаць дыванок — «Алімпіяда-80» з мішкам. Гадоў праз колькі ўжо і ў пад’езд не трапіш: нават у старых пяціпавярховіках, населеных калдырамі ўсіх масцей і пакаленняў, паставяць прымітыўныя дамафоны. Дый дзяўчына ўжо даўно не будзе жыць у гэтым доме, а па тэлефоне будзе адказваць незнаёмы стомлены голас. Нумар мабільнага застанецца невядомым, бо гісторыя кахання пачалася і скончылася яшчэ тады, калі не трэба было тэлефанаваць, а дастаткова было з’явіцца ў пэўным месцы ў пэўны час. На паказе японскіх фільмаў, на джазавым сэйшне, у падвальнай кавярні ў Траецкім. Цяпер усё інакш — яны ўжо не ўпалююць адзін аднаго, бо змяніліся і час, і месца.

Ваўкалак пастаіць пад чужымі вокнамі. Ён па-ранейшаму будзе паліць, хоць яна, маючы дваіх дзяцей, свядома кіне. Ён паназірае праз цыгарэтны дым за чорнымі, засяроджанымі на сабе галінамі і тлумным жыццём за гардзінамі. Снег нападае шапкай на густыя яшчэ валасы, і яна ўжо не страсе яго дбайнай рукой.

З папярэдняга пад’езда выйдзе жанчына з вядром. У халаце, зімовым абутку, цёплай куртцы. Будзе выносіць смецце. Мінаючы ваўкалака, яна пазнае яго і павітаецца. Ён кіўне галавой. Жанчына спыніцца і скажа: «Яна пераехала. Тут нічога не мяняецца — усе паціху співаюцца, але яна тут даўно не жыве». Ваўкалак здзівіцца, але потым здагадаецца, што гэта тая самая жанчына, якой ён не даваў спаць дваццаць гадоў таму. Ноччу ён памылкова званіў ў дзверы яе кватэры, жанчына адмыкала і нязлосна тлумачыла: «Яна жыве ў наступным пад’ездзе». Ваўкалак выбачаўся, развітваўся, дзёўбся на спозненае спатканне. У наступным пад’ездзе ён быў больш асцярожным і амаль цвярозым — глядзеў пад ногі, правяраў, ці ляжыць патрэбны дыванок.

Жанчына ссутулена рушыць да сметніцы. Цяпер гэнай цётцы мусіць быць гадоў пад пяцьдзясят. Раней ваўкалаку здавалася, што гэта старэчы ўзрост, а цяпер яна сышла б за ягоную аднагодку — толькі пашарпаную і прыбітую жыццём.

Яму зробіцца крыўдна і агідна. Ён рэзка крутанецца, выйдзе з двара на праспект, спыніць машыну і паедзе дахаты. Там будзе пуста, неабжыта. Назаўтра ваўкалак паляціць на самалёце на сваю новую радзіму. Яго будзе чакаць сям’я, віктарыянскі дом і ружовая гартэнзія ў заднім дворыку.

Дыванок з мішкам застанецца ляжаць там, дзе і раней. Яна без зразумелай для сястры прычыны забароніць той выкідаць яго. Потым яна будзе прыязджаць да сястры гады ў рады і сама здзіўляцца, нашто тая трымае перад новымі жалезнымі дзвярыма гэткае рыззё. А гэная гісторыя… Яна заўжды будзе ведаць, пад адным яны зараз небам ці не. І гэтае адчуванне — усё, што ёй застанецца ад былога.

2.

Ён будзе чакаць дылера ля паштамта. Прыстойны малады чалавек: ці то офісны планктон, ці то сам сабе начальнік. У строгім дарагім касцюме, з нейкім дурацкім кейсам, ён будзе пачувацца як груган на азяродах. Да прыпынку падкоціцца машына, уключыцца аварыйка. Нервы крыху адпусцяць: прыехаў — можна супакоіцца, заплаціць за сваё дабро і знікнуць. Нечакана з аўтамабіля выскачыць неверагодна прыгожая дзяўчына, кінецца змяёй яму на шыю, пацалуе ў вусны. Ён ашалее, абдыме яе за плечы, крыху адхіне ад сябе, прыгледзіцца. Ейная сяброўка! Шыкоўная, бясстрашная, недасяжная, заўжды радая паддражніць. Яна засмяецца, развернецца, скокне, бы тая котка, на пасажырскае сядзенне, і машына газане прэч. Усё, здаецца, адбудзецца за некалькі секундаў.

Ён будзе стаяць узрушаны, але пры гэтым як абліты памыямі: увесь прыпынак аблезлага люду будзе тарэшчыцца на яго. Знайшоў жа ён месца! Падвярнулася ж гэтая! Што за горад! Выпаўзеш на цэнтр — толькі што нябожчыкаў знаёмых не сустрэнеш. Немагчыма травы спакойна купіць. Стой цяпер, як дурань. Хай цябе цэнтравыя цёткі разглядаюць — яны хоць і лічаць сябе надта гарадскімі, але маральнае асуджэнне ў іх вачах адрозніваецца ад мікрараённага толькі на пару градусаў. І нават маладая дзяўчына, на выгляд, прасунутая, будзе разглядаць яго з такім непадробным здзекам і грэблівасцю.

Ваўкалак ледзьве не прысядзе: інстынктыўна захоча схавацца, зліцца з асфальтам, казюркай запаўзці за калону. Такога проста не бывае, каб у адзін момант трапіліся абе¬дзве гэныя дзяўчыны. Гэта ж яна. Яна насмешліва падыме падбароддзе, схіліць набок галаву з непаўторнымі рудымі кучарамі — маўляў, як жа ты цяпер будзеш выкручвацца, свае паводзіны тлумачыць. І яшчэ гэты ідыёцкі касцюм і кейс! Ён спужаецца, што яна будзе лічыць яго безаблічным япі! Высокая, зграбная, у элегантнай зялёнай сукенцы, што струменіць каля прыгожых ног. Свецкая ільвіца, якой непатрэбная машына, бо яна жыве і тусуецца на пары квадратных кіламетраў у сэрцы горада.

Ён не падыдзе. Гэты офісны касцюм і дурацкі кейс… Да таго ж праз якую хвіліну падруліць з падземнага пераходу дылер. Нейкі схілены набок, з даўгім носам, дзіцячай кніжачкай у кішэні курткі. Трэба будзе хутка і беспамылкова зрабіць справу: грошы — тавар. Тады ўжо не да першага кахання. Пакуль ён будзе калупацца з кейсам, дылера некуды знясе неабавязковым травеньскім ветрам. Пад’едзе аўтобус — адзін, другі. Ён заўважыць у заднім акне толькі чужыя твары, поўныя вясновых надзеяў наступіць на старыя граблі. Яна з’едзе.

Ён пойдзе ў двары, сядзе ў машыну, паторкаецца па вузкіх дарожках. Хвілін праз пятнаццаць прыедзе дахаты. Адчыніць новае «шклопакетнае» акно на старой кухні, падыхае выхлапамі, дзіцячымі крыкамі. Паглядзіць з вышыні на гэткіх жа, як і сам, мэтаскіраваных хлопчыкаў на «жалезных конях». Правядзе рукой па прыробленым да стала дзедавым такарным станку. Пацешыцца сваімі кар’ернымі дасягненнямі — праграміст з напаўкрымінальнымі захапленнямі. Зачыніць акно. Запаліць самакрутку. Дасць вачам адпачыць на кудлатай лістоце паверхам ніжэй. Зноў узгадае яе.

Ваўкалак яе нічым не пакрыўдзіў. Усяго толькі на ейны дзень народзінаў выпаўз ноччу з яе найлепшай сяброўкай прагуляцца па праспекце. Было свежавата, чыста, яны ўзялі з сабой па кубачку гарбаты. Гэткая дробязь, а перавярнула ўсё жыццё. Бязвінны жарт, кураж, які скончыўся нічым для ўсіх траіх.

Ноччу ваўкалак будзе добра спаць. Прысніць яе ў мужчынскім манаскім строі з капюшонам на галаве. Са схаванымі валасамі ейны твар будзе іншым — спакойным, таварыскім, пазбаўленым жарснасці. Ён запытаецца: «Нашто я тады за ёй пайшоў? Чаму ты тады засталася?» Яна пацісне плячыма і ўсміхнецца. У наступны момант ён убачыць яе за шклом у аграмадным аўтобусе. Яна будзе есці заварное пірожнае і задуменна ў нешта ўглядацца. Калі яна падыме да галавы руку, каб зняць капюшон, ён ад жаху прачнецца.

3.

У аграгарадку пакінуць недаробленымі гарышчы. Хто захоча, дабудуе сабе другі паверх. Жонка будзе настойваць, каб ён змайстраваў хаця б прыстойную лесвіцу, калі не жадае рабіць мансарду. На гарышчы можна захоўваць яблыкі, сушыць зёлкі, пакінуць вопратку старэйшых дзяцей, пакуль падрастуць малодшыя. Ён адмовіцца. Разбурчыцца: «Пастаўлю сабе там ложак і буду ўцякаць ад вас. Ты са сваёй вагой мяне ўжо дакладна не дастанеш».

Ваўкалак будзе хавацца на гарышчы, паліць пад жончына крыклівае абурэнне і ўспамінаць яе. Звычайныя летнія вакацыі, паездкі на рэчку на раварах, дзіцячыя анекдоты на ганку ля нежылой хаты. Начныя вылазкі ў суседскія грушы разам з гаспадаровымі ўнукамі. Як яна студэнткай здала на правы і вазіла іх футбольную каманду на гульню ў суседнюю вёску. Яны прайгравалі і супернікі смяяліся: «Трэба было сваіх гульцоў перад машынай пускаць. Хай бы беглі ды трэніраваліся! Можа б, тады і выйгравалі!»

Ён адправіцца да маці ў родную вёску, каб пабачыцца з пляменнікам, якога адпусцяць з арміі ў адпачынак. Вып’е. Выйдзе ўвечары прагуляцца. Ногі самі прывядуць да яе хаты. Будзе гарэць святло, гуляць дзіця. Ваўкалак зайдзецца ў дварышча, ціхенька пашкрабецца ў засуненыя дзверы, але ніхто не адчыніць. Не пачуюць? Не захочуць яго пусціць?

Назаўтра днём ён, ужо добра п’яны, выйдзе на праменад да бабак. Сустрэне пасярод вёскі яе. Яна будзе ўсё такой самай жанчынай-падлеткам, хоць у яе, нарэшце, народзіцца дачка. Летам заставацца ў горадзе будзе проста немагчымым: французскія вокны ў шыкоўнай новай кватэры дрэнна стасуюцца з патрэбамі малога дзіцяці. Яна рызыкне і прывязе дачку ў вёску.

Малая пацягнецца да яго, але потым на рукі не пойдзе. Ваўкалаку зробіцца прыкра. Каб схаваць няёмкасць, ён спытаецца:

— А бацька твой ці прыедзе?

— Не. А што, справа якая? — адкажа яна.

— Не. Так, пытаюся: даўно не бачыў.

У яго моцна зменіцца праз паленне голас, пасівеюць валасы, выпадуць пярэднія зубы. Ён пачне расказваць бабкам пра свае добрыя заробкі, сучасны дом з усімі выгодамі, пра тое, што старэйшая дачка мусіць паступаць налета. А яна будзе адыходзіцца з вазком усё далей, бо малая заплача — запатрабуе есці.

Дома, пакарміўшы і пераадзеўшы дзіця, яна падумае, што трэба будзе параней засунуцца: у Мікалайкавых гуляюць — яшчэ прыцягнуцца, каб разам выпіць і паразмаўляць. Добра, што ў большасці вяскоўцаў ёсць прымхі альбо сумленне: адны баяцца навесці сурокі, другія — нанесці бацылаў, таму ніхто асабліва ў хату не шчэміцца. Файна, што хутка скончыцца лета, і можна будзе з лёгкім сэрцам і пачуццём выкананага абавязку ўцячы ў горад. Сядзець у бетоннай вежы, гуляць у парку і ведаць, што ніякі мужык нападпітку не будзе дыхаць пад дзвярыма і барабаніць у ганку ў акенца. Як добра, што ўсе жыхары дома пагадзіліся пасадзіць у пад’ездзе кансьержку!

4.

На сераду яму паставяць адну пару зранку. Гэта яго цалкам задаволіць. Ён вернецца з лецішча ў аўторак вечарам. Перадасць унука бацькам, а сам разгрузіць і ўпарадкуе гародніну, памыецца набранай загадзя ў вёдры вадой і пачне рыхтавацца да заняткаў. Назаўтра ўстане а шостай, каб паснедаць у цішы, на самоце, і, папіваючы каву, пачытаць кніжку для душы. А сёмай ён уцячэ з хаты, каб не ўкрыпацца ў працэс абуджэння вялікай сям’і, і пешшу пойдзе ва ўніверсітэт.

У сераду ранкам горад апануе пяшчотная смуга. Ваўкалак будзе пачувацца, як пасля лазні на свежым паветры. Каты ўжо даўно будуць шаравацца па сваіх пільных справах. Людзі, яшчэ прыязныя пасля летняга адпачынку, пакіруюць да прыпынкаў, павядуць малых у дзіцячыя сады. Гандляры на Кракаўскім кірмашы пацягнуць да ятак вазкі з перавязанымі шпагатам скрынкамі.

Ваўкалак любіць восень. Гэта пачатак настаўніцкага года, новыя знаёмствы, новыя стасункі, новыя кнігі. У верасні прыемна прысесці на лавачку перад універам, з’есці позні яблык з лецішча. Адчуваць спіной парк цераз плошчу, разглядаць маладых дзяўчат, прыслухоўвацца да іхніх поўных надзей размоваў. Ваўкалак і сам гатовы скінуць старую зашмальцаваную скуру, забыцца на статус любімага бацькі і дзеда і перанесціся на трыццаць гадоў назад.

Ён быў тады маладым выкладчыкам, пасля аспірантуры. Праца ў Львоўскім універсітэце была марай ягонага жыцця, і, здавалася, што ўсе астатнія спадзевы гэтак жа мусяць збыцца, дзякуючы патрэбным намаганням і пэўнай удачлівасці. Ён быў гатовы прыняць свой шчаслівы лёс, і сэрца ягонае было накшталт цёплай, нагрэтай ліпеньскім сонцам азёрнай роўнядзі.

Дзяўчына гэная вялікай чорнай птушкай спусцілася на водную паверхню і годна разрэзала папалам ягонае жыццё. З персідскімі вачыма, густымі цёмнымі валасамі, пышнай фігурай, гэтак папулярнай у шасцідзесятыя гады, яна растурбавала ягоныя дні і ночы. Горад, і без таго казачны, расквеціўся яскравымі фарбамі. Колеры пульсавалі, згубілі мяккасць. Хацелася заплюшчыць вочы, каб не забыцца дыхаць, бо ўсяго гэтага было зашмат.

Ваўкалак быў яе выкладчыкам нямецкай. Ён, здаецца, страціў мову і родную, і замежную — запінаўся, блытаў словы, мяняў тэму ўрока. Насмешніца, ганарыстая жартаўніца, дзяўчына кпіла з ягоных пачуццяў, дурэла з апантанасцю дзіцяці. Гэныя некалькі гадоў, што ваўкалак мусіў весці ў яе заняткі, былі для яго самымі салодкімі і самымі горкімі ў жыцці.

Нарэшце, яна скончыла вучобу, пайшла працаваць інжынерам на завод. Жыла, як і ўсе, у адноснай нэндзы. Купляла праз чыгуначную правадніцу масла ў Мінску, чакала кватэру ад прадпрыемства. Спадзявалася толькі на сябе: бацька загінуў на фронце, маці настаўнічала на радзіме, у Горках. Прыгажуня-сястра загібалася за садыстам-мужыком.

Ваўкалаку пасля ейнага выпуску палепшала. Зрабілася лягчэй дыхаць. На працы ён пачаў выпраўляць сваю нягеглую рэпутацыю мямлі і вар’ята. Ажаніўся з нармальнай западэнскай украінкай. Тыповыя вясельныя фоткі: мажная маладая, худзенькі-здыхленькі жаніх. Пайшлі дзеці, нарадзіўся ўнук. Адпусціла…

…У гэную сераду ваўкалак з палёгкай скончыць сваю ранішнюю пару. Як заўжды задумаецца, ці не пайсці яму папрацаваць у бібліятэку. Павагаецца і вырашыць лепей пагуляць з унукам. Праз парк, праз Кракаўскі кірмаш рушыць дахаты. Яна гэным днём запозніцца: будзе ўсё нешта корпацца ў сваёй аднапакаёўцы, прыбіраць «дзіцячыя пасцелькі». Потым схамянецца і кінецца на кірмаш купляць катам вымя. Да Кракаўскага — тры хвіліны ходу, але яна ўсё адно будзе хвалявацца, што які-небудзь злыдзень яе апярэдзіць. Яна пакульгае з калком па бруку, ганячы «вуйкоў» за вялікія і малыя грахі: вуліцы не мятуць, смецце не вывозяць, катоў памыйных крыўдзяць, а ёй іх падбірай, лячы, выкормлівай.

Яна не зверне на гэнага прыстойнага дзядзечку ніякай ўвагі: будзе апантаная страхам, што «дзеткі» пакрыўдзяцца на яе, бо не зварыла ім своечасова паесці. Ваўкалак жа летуценна міне кульгавую цётухну, бо паглыбіцца ў чароўныя ўспаміны пра сваё старое каханне, якое жыве ў двары насупраць Кракаўскага. Ён і ходзіць гэнай дарогай не зусім дзеля таго, каб купіць унуку пакамечанага вінаграду, а каб спаткаць яе — прыгожую, жартаўлівую, фігурыстую. Але не дай Бог гэным дваім сустрэцца. Хай яны жывуць у сваіх мроях і не-не ды ўзгадваюць такую нядаўнюю маладосць.