Верхні горад

penbelarus.org · Антон Рудак - Верхні горад

вер – мы сустрэнемся ў горадзе
дзе ліхтары адбіваюцца ў хмарах
мы сядзем на воблаку і пагаворым
бязлюдныя вуліцы ўкрые туманам
мы будзем прыпальваць проста ад зорак
а нашыя словы падхопіць вецер
і панясе іх urbi et orbi
распавядзе ўнукам і дзецям.

зваротны адлік
тры, два, адзін
дзесьці ўгары
ўдарыць гадзіньнік
забомкае
валяцца зьнічкі ўніз
вярніся ў дзяцінства
мяне з сабою
вазьмі
і мы застанемся ўдвох
змоўкні, я сам усё добра помню
кожнае слова: аціхлы двор
музычнае школы на плошчы свабоды

старыя сябры маладыя зноўку
і зажылі пухіры на далонях
маці крык далятае з вокнаў
чуеш: воўка, пара дадому!
вецер паўторыць urbi et orbi
чэрці, анёлы ці простыя людзі
сьпі спакойна, мой верхні горад
веру – усе там будзем.