Верш пра белы наліў

penbelarus.org · Вальжына Морт - Верш пра белы наліў

белыя яблыкі, першыя яблыкі лета,
са скурай пяшчотнаю, бы ў немаўляці,
хрусткія, як белы зімовы сьнег.
ваш водар мне не дае спакою,
так па начах мерцьвякі
мучаць сваіх забойцаў,
белыя яблыкі,
так кожны ліпень зямля
цяжэе пад вашай вагою.

а тут толькі сьмецьце пахне, як сьмецьце…
а тут толькі сьлёзы смакуюць, як соль…

як мы зьбіралі вас,
нібы ракушкі зялёных садоў-акіянаў,
адарваўшыся ад матчыных грудзей,
вучыліся
ва ўсім шукаць сарцавіньне зубамі.

што ж нашыя зубы тут сталі як вата…

белыя яблыкі,
у чорнай вадзе рыбакі,
выкармленыя вамі, тонуць.