Ветру

penbelarus.org · Ганна Комар - Ветру

Вецер з мора,
праслізнуўшы скрозь цясніны гор,
даляцеў сюды і
спыніўся.

Спачатку спрабуе лізнуць мяне –
пакаштаваць на смак –
ці дастаткова салёная
для мужчыны з такім
характарам непакорлівым.

Кранае скуру маю –
наколькі тонкая,
ці бягуць мурашы
ад ягоных дотыкаў,
ці паскараецца пульс,
ці закіпае кроў пад ёй.

Удыхае ўсю мяне –
ці пахну горадам
з ягонымі клопатамі
шэра-зялёнымі,
чатырма чужымі краінамі,
іхнімі гарэхамі, слівамі,
віном ды аліўкамі,
альбо паху не маю зусім?

Я праходжу
усе выпрабаванні.
Вецер ахінае мяне
цёплымі хвалямі,
пахам солі і ёду,
і сярод гукаў, ледзь
чутных чалавечаму вуху,
я магу пачуць:
“Я хацеў бы спаткацца з табою зноў, Анна…”