Вобразы вабяць услед за сабою…

penbelarus.org · Алесь Разанаў - Вобразы вабяць...

* * *

Вобразы вабяць услед за сабою, але памкнуся за імі — i ix растворыць прастора: магчыма, яны проста птушкі, якія адводзяць таго, хто ідзе, ад сваіх затоеных гнёздаў.

Заблытаны сцежкі, якія вядуць i на ўсход, i на захад, але на кожным кроку, усюды, ад ix падымаецца стромкая вышыня, i, падымаючыся над сабою, становіцца розумам цела, i, пады маючыся над сабою, розум становіцца ўсёразуменнем, якое, нібы ваданосныя жылы, сабой насычае i жывіць кожнае слова i кожны крок.

Чалавек — гэта два чалавекі, як дзве далоні, што лепяць суладна снежку ці перакідваюць, каб утрымаць, жарыну: адзін з ix — пачатак, другі — завяршэнне, адзін з ix — выток, i другі — суток, адзін з ix — прычына, другі з ix — вынік, адзін з ix — пытанне, другі — адказ, а паміж імі цякуць, вынікаючы з ix i ўпадаючы ў ix, сусветы.

Усё, што кранае мяне, падобнае на мяне.
Не скончаны дзень тварэння: зноўку i зноў вылеплівае чалавек сваю лепшую долю.
Дзеліць мяне прастора, з’ядноўвае час.
Калі чалавек сустрэнецца з чалавекам?
У бездані памяці мгліцца бяссонны ліхтар.

Пачакай, памарудзь, адпусці жаданне — i ты перастанеш быць часткай, нацэленай супраць усіх, i вернуцца да цябе тыя птушкі, якія не ловяцца, калі ix ловіш, якія хаваюцца, калі ix шукаеш, i ты пачуеш: у кожнай птушкі — твой голас, i ўбачыш: у кожнай птушкі — твой твар.