Я думаю, я магу быць паэтам, бо я люблю апранацца ў чорнае.
І я магу прыдумваць абы-што, напрыклад, маркісіт бярэ крэдыт у банку,
“Porsche” цягне інвалідку, небарака пацягвае капучына
з нацэленым у неба мезенцам.
Я бачыў паэтаў, што сьпяваюць песьні ў сваіх радках –
без дай прычыны, адно дзеля факту,
закаханых ва ўласныя галасы,
у канцы кожнага радка яны падвываюць,
на кожным радку яны падвываюць,
пакуль яны чытаюць, чытаюць і… чыта-аюць?
Бачыш, прапісныя ісьціны ў прозе слабей –
у паэзіі іх нават яшчэ падвываюць,
бо яны надаюць прыхаванага сэнсу:
я ведаю, пра што я кажу, і ты не тупі.
І я не баюся абламацца.
І я не баюся выкарыстаць АДНО лаянкавае слова,
каб даць вам зразумець, што я АХУЕННА сур’ёзны!
Я не баюся таксама
КРЫЧАЦЬ! З НАПРУГАЙ! І ДОЎГІМІ, ДРАМАТЫЧНЫМІ . . .
ПАЎЗАМІ,
ПОЎНЫМІ ТРЫВОГІ!
І, пакуль вы слухаеце, падвываць.
І словы, рэдкія дзівосныя словы –
акавіта, памяркоўнасьць, далькажык –
выкарыстоўваць, каб нагадаць вам –
“Я пісьменьнік! Жарыце мой філалагічны бруд!”
І напрыканцы,
прамаўляць мякка, навязьліва пяшчотна,
хоць і не без іроніі, каб
скончыць раптоўна й шматзначна…