Я на…(трыпціх трохасабовы)

penbelarus.org · Алесь Емяльянаў-Шыловіч - Я на

I Яны

Калі яна прачынаецца ў ложку зь любым,
устае і глядзіць на сонца –
яно заплюшчвае вочы.
-З кім ты, мілы, цягаўся заўчора паўночы?
яна, як ніхто, ўмее ставіць пытанне рубам.

-Ты што, мне не верыш?!
-Ды дзеўкі гурмою
за табою ўпадаюць – дай табе толькі волю!
Ён хапаецца за галаву, лаецца, як ніколі
ня лаяўся, смачна плюецца ў столь і
з усьмешкаю кажа:
-Заўчора я здраджваў табе з табою…

II Яна

яна ў вёсцы сваёй першая прыгажуня,
яе рукам пазайздросьціла б нават Джуна,
яе дом атачаюць прылуцкія джунглі
і чыгунка струною пяе;

вывучаеш упарта расклад электрычак
разьвітаньне –
прыемная ўсё ж акалічнасьць,
калі заўтра спатканьне за шчасьце палічыш
ты ня можаш ужо безь яе.

выглядаеш, магчыма, крыху апантаным,
выдзіраючы з клюмбаў усе туліпаны;
што ж датычыцца псыхічнага стану –
вар’яцееш і ў краме вітрыны б’еш.

з ьёю побач жыве дух раўнівіцы Геры,
яе атакуюць першыя кавалеры,
табе меней даводзіцца крэмзаць паперы,
а яшчэ ты ня верыш, ня верыш, ня верыш,
што прачнесься калісь безь яе.

III Я

…я хотел бы, чтоб меня нашли
оставшимся навек в твоих объятьях,
засыпанного новою золой.

Іосіф Бродзкі

па вясьне пачынаюць усе пакрысе вар’яцець,
і сьмерць ужо не ўспрымаецца
менавіта як сьмерць,
асабліва калі жлукціш пятую пляшку за вечар,
бо каштуе танней, чым пачак звычайнай паперы;
што тут скажаш яшчэ ,ну, па крайняй меры, –
-auf Wiedersehen, мая шматпакутная печань.
і калі б не ты, маё шчасьце,
я б, напэўна загінуў,
радасьць мая, я мушу сказаць табе
ты кахаесься, як багіня!
заканчэньне сьвятла і тым больш канец сьвету
не палохае – цемру глытаем, як дым цыгарэтны,
а выгнаньнік Іосіф дакладна меў рацыю –
хай у прорву ляціць і бурыцца цывілізацыя
і ўжо неістотна, што паміж намі –
далёкасьць ці блізкасьць –
я б застацца хацеў у абдоймах тваіх,
засыпаны новым прыскам