Як быццам ты,
як быццам я,
як быццам нас з табой з’яднала
і перагнула удвая:
цябе зашмат, мяне так мала.
На памяць стогн,
на памяць уздых,
на памяць міліметры цела.
Адольвала цябе на слых,
навобмацак цябе хацела.
Напрасткі, напралом, унутр,
да перасыці уладання,
дзе толькі гузік-перламутр —
апошняе выратаванне.
Дзе быццам мы,
дзе быццам спім,
як шкельцы у калейдаскопе.
Цябе няма…
мяне зусім…
так мала,
што ужо не хопіць…