Ён малюе зялёным алоўкам зялёнае мора. А4 фармат — яго нефармат мора. І яму амаль шэсць — дзве тысячы дзён з нечым ягонага свету і маляванак ягоных.
Колер морквы ў супе і колер сумётаў малочных, недасяжных нябёсаў і кісла-салодкай ажыны. Будзе колер сяброўства і колер вачэй дзявочых, і матулін колер, і, нават, колер Айчыны…
А пакуль шар паветраны ўзлятае над дахам і ледзяш прыхаваны ў кулачок-гарлачык, ён абгортвае ў фанцікі ўсе мульцяшныя страхі, фарматуе свет дарослы ў свой дзіцячы.
І хвіліннік паціху адлічвае дзяцінства… Абяру абярэг любові сваёй і болю — мой маленькі мужчына, які не здрадзіць ніколі, што малюе зялёным алоўкам зялёнае мора.