З вечаровых сеансаў паддатыя кінамеханікі…

penbelarus.org · Антон Рудак - З вечаровых сеансаў паддатыя кінамеханікі...

зь вечаровых сеансаў паддатыя кінамеханікі
прыходзяць дахаты адначасова з каровамі
трамваі ўначы зьвіняць на аціхлых ускраінах
дзе глебу раз-пораз разорваюць шматпавярховікі

час забірае голас змывае колеры
на чорна-белую стужку няўмольна шчоўкае
сябры і ворагі звыкла мяняюцца ролямі
і бамбасховішчы робяцца танцпляцоўкамі

пара надыходзіць зьбіраць камяні спатыканьня
і наўзамен руінаў пакінутых бомбамі
каб не пазбыцца набытых нядаўна навыкаў
героі падпольля гурмою супольна з палоннымі

адпаведна з усімі правіламі маскіроўкі
будуюць кардонны горад блытаюць карты
каб вайна калі нават і вернецца ўжо ня здолела
пазнаць тыя самыя вуліцы і заблукала