За сваё жыццё…

penbelarus.org · Таццяна Нядбай - За сваё жыццё...

за сваё жыццё
тры жыцці ён ужо пражыў,
хоць ні дома, ні дрэва, ні сына няма,
але
яго так закручвалі
шалёныя віражы –
ён заходзіў у душ, а вынырваў у Па-дэ-Кале

уначы ён піў – намагаўся заснуць,
але хтосьці знадворку па шыбах вадзіў ножыкам,
ён заплюшчваў вочы, ён не хацеў на вайну,
а вайна прыйшла і лягла да яго ў ложак

Менск, Варшава і Вільня, Парыж, Рыга –
ён збіраў гарады камянямі ва ўласным сэрцы,
ён не выйграў вайны, хоць трафеяў набраў прыгаршчы,
і, калі адкладаў зброю й здымаў берцы,

ён не мог забыць, як яе валасы пахнуць,
як ямачкі ледзь кранаюць яе ўсмешку,
ён ішоў наперад, нібы апускаўся ў багну
і брыняў адчаем з нікацінам уперамешку

з выпадковай кавярні, поўнай тлуму і кічу,
ён глядзеў на імжу і лістапад запознены,
а ў адбітках на шкле бачыў яе аблічча,
замаўляў каву і дапіваў восень