Загінаючы пальцы

penbelarus.org · Віталь Рыжкоў - Загінаючы пальцы

і толькі таму што кавалкі ежы застаюцца ў зубах
і толькі таму што бруд у пазногцях нясем
і толькі таму што гэтыя падкідкі не будуць здольныя прызнаць памылкі
і толькі таму што гэты пануры і хілы гаўнюк
выявіўся яшчэ й занудным гандонам
а блядства — гэта не тое самае, калі свет круціцца вакол цябе…
і гэта далёка не поўны спіс

я, мой народзе, павяду цябе да гары без назвы,
на якой невядома навошта, як жырафа, стаіць прагнілы маяк без ліхтара,
у нагах якога пасвяць усраных кароў збольшага ўсраныя вяскоўцы,
праз што мухі губляюцца й доўга не могуць абраць між імі,
і навучу
ацяпляць кватэры, асвятляць вуліцы
і, мой народзе, калі атрымаецца, —
быць шчаслівымі і не адзінокімі.

таму што толькі найлепшыя з вас смяюцца голасна, паказваючы зубы Богу
як галоўнаму стаматолагу і ганароваму сябру журы
таму што толькі найлепшыя з вас ведаюць апошні радок
таму што толькі найлепшыя з вас ведаюць апошні радок