Захоплены горад

penbelarus.org · Ігар Канановіч - Захоплены горад

Горад захапілі дзікуны.
Вогнішчы на Форуме смуродзяць.
Рым, цяпер яны — твае паны.
Рым! Няма каму усклікнуць: «Годзе!»

Хлынулі са сцен, з разбітых брам.
Вуліцы — нібы пасля віхуры.
Далібог, вандал ацэніць храм:
Адбярэ — патрэбнае — з культуры…

Што яму стагоддзяў хараство —
Годнага патрыцыя уцеха?
Звод законаў Рыма стаў жарствой,
Выкінуты ў полымя са смехам…

Грубы дыялект з усіх бакоў,
Лаянкай даважанае слова.
Дзе ты, запавет маіх дзядоў?
Дзе лаціна — гаспадыня моваў?!

Паламаўшы ў бітвах кіпцюры,
Уцяклі арлы за межы лёсу.
Хто цяпер і дзе мае сябры?
Сам хаджу нібы жабрак стары.
Пераможцы пазіраюць коса…