Жнівень

penbelarus.org · Антон Рудак - Жнівень

гэты дом існуе пакуль я яго бачу наяве
а калі засынаю насамрэч зьнікае ў цемры
за вакном расплываецца горад і ўжо іначай
па кватэры становіцца мэбля

дываны абляцелі са сьценаў
пасьля шпалеры
апошняй тынкоўка
касякі а за імі дзьверы
катастрофа
цяпер я ня помню які я быў ростам
год скажам у восем

забыцьцё
нязьведанасьць
сьмерць
верасень
восень

але ненадоўга

пакрысе і я супакоюся змоўкну
дажджамі халоднымі змокну
чуеш голас з маленства
мамін ці толькі здаецца
казка пра белага зайчыка
без капусты і пэўнага месца
дзе б прыстаць на зімоўку
а ў лесе цяпер небясьпечна
раней ці пазьней сустрэнешся з воўкам

цьху ты глупства
выкінь дурное
на гэтай пустцы
год дзесяць таму збудавалі дом
зайчыку цёпла
бо ён даўно ўжо мёртвы
а мы жывём

было толькі тое
што ў выніку снамі зрабілася
пасткамі па завугольлях заўчаснай памяці
глянь у вакно
мы з табою зусім ня выраслі
дрэвы ўсё тыя ж
ня помню як называюцца