Азалелы, прачнесься адзін на сутоне,
згорнеш прысак згасаючых зор у далонь –
і зара запражэ навароджаных коней,
згіне ноч да пары пад рудым капытом.
З рота валіць туман і язык як ігліца,
слова мовіць – нібыта раку павярнуць.
Пойдзеш поплавам – сьлед у траве забруіцца,
нібы колас, нальлецца ды зьмелецца ў пуць.
Толькі крокаў ня чуць і ніяк не сагрэцца,
торыш троп да ўтрапеньня – углыб цішыні.
Кроў застыне, як зьвер: ці калоціцца сэрца? –
толькі вусьціш пускае у слых карані.
Хай жа вып’юць твой голас маўчаньня атрады,
хай мароз далячынь тне навылет стралой!
І, спустошаны дарам, у страдзе прасьвяды
ўчуеш: цела цяжэе сталёвай зарой:
гэта ў жылы хлынае крывавая мова,
гэта горла дзярэ яе памяці страх,
гэта боль нараджэньня забытага слова
разварочвае звамя ў зьнямелых грудзях.