Зялёны чалавечак

penbelarus.org · Віталь Рыжкоў - Зялёны чалавечак

Проста блукаючы па вуліцах нейкім лютаўскім вечарам
і складаючы вершы, забыўшыся на дакоры,
я выпадкова сустрэўся позіркамі зь зялёным чалавечкам,
што быў расьпяты на звычайным сьвятлафоры.

І ня тое, каб вельмі сьпяшаўся я зараз дадому, –
проста зьяўленьнем сваім ён адкрыў мне дарогу.
І ён, каго дачакаўся, быў зараз больш Хрыстом,
чым той, каго прынята лічыць сынам Бога…

І чамусьці падумалася аб далёкім і цёплым чэрвені,
недасягальным лагодным моры…
А вуліца гудзела сабе, бы вялікае чэрава,
не заўважаючы мэсію, расьпятага на сьвятлафоры…