А мне хочацца жыць, нават калі не хочацца жыць

penbelarus.org · Наста Манцэвіч - А мне хочацца жыць, нават калі не хочацца жыць

Калі снег пачынае падаць
калі лепіцца ў горле ком
не таму што ты хочаш плакаць
а таму што зіма вакол

калі снег перастаў на вейках
таяць, людзі пад ліхтаром
танчаць рэгі на слізкіх рэйках
і дарма што зіма кругом

ты глядзіш з-за высокіх кратаў,
а ў вачох ўсё дрыжыць дрыжыць
не таму што ты ўжо заплакаў
а таму што жыццё імжыць

не ідзе, не вальсуе ў танцы,
не бурліць, не цячэ-бяжыць.
разумееш, што нават зараз

хочаш жыць