Албрэхт Радэнбах. Дажджлівы дзень

penbelarus.org · Албрэхт Радэнбах. Дажджлівы дзень (пер. Г. Янкута)

Ох, які маркотны дзень! У жалі
неба ад дажджлівых шэрых хмар.
Заімжэла, дрэвы задрыжалі
ад чужых пакут і відмаў-мар,
шапаценне іх — як спевы-плачы,
і скавыча вецер у хмызах —
так дзіця галосіць у ламаччы,
заблукаўшы, румзае ў лясах.
Неба ў сэрцы ад дажджу цяжкое,
як туман, ахутаў сонца боль.
Што ж, трывай, юнак, жыццё такое:
у душы — то сонечна, то золь.

пераклад з нідэрландскай