Беларускі каляндар

penbelarus.org · Марыя Мартысевіч - Беларускi каляндар

I

Бацькі-вычварэнцы назвалі яе Ізольда.
Ізольда Студзень.
Яна расла непрыгожай дзяўчынкай:
гэта яе апісаў сэксіст
у вершы пра агонь у сасудзе.
У школе яе дражнілі то Халадцом,
то Селядцом-пад-шубай.
Ва ўнівэры яна вывучала адрозьненьні
сэрба-лужычаў ад кашубаў.
У асьперы да яе пасватаўся Міша Гелерт –
гэткае ж, як і яна, уёбішча.
Яна пабралася зь ім,
пакінуўшы дзявочае прозьвішча.

II

Быў Віцька Люты
Мой першы пацан:
У каханьні мне кляўся,
Ў жонкі ўзяць абяцаў.
Але калі Віцька
патрапіў на суткі
Яму пайку насілі
нейкія сучкі.
Вось што скажу я табе,
Віцька Люты:
Выпі атруты!

ІІІ- ІV

Сакавік і Красавік
сок вазілі й краскі
ад Чырвонага Сяла
да Бялай Падляскі.
Сакавік і Красавік
працавалі спора,
І цяпер у нас вясна
Ад мора да мора.

V

Пісьменьнік Кастусь Травень
прыходзіць на чужыя
літаратурныя вечары
і прадае ў фае свае кнігі.
Іх асноўная думка ў тым,
што, нягледзячы на маразы,
трэба дажыць да адлігі.
А пасьля ён ідзе дамоў,
складае ў стосік асобнікі,
што яшчэ мае,
уключае таршэр і сядае чытаць
Карла Фрыдрыха Мая.

VI

“Мяне завуць Чэрвень”, –
напісана было
на яго майцы адпаведнага колеру:
сёлета яго выдавецтва паставіла на Памука.
А яго паставіла ля павільёну
ў рэклямных мэтах –
таксама Муку навука.
Ён стаяў і ўпіхваў улёткі наведнікам
са спрытам сапраўднага міма.
А яна шукала раманы Лесінг,
яна прайшла міма.

VII

Бард Сьвятаслаў Ліпень
пасварыўся са Зьвязам зямлянаў Вэнэры:
ён цяпер там, як ён зьедліва калямбурыць,
“пэрсона нон гранта”.
Ён часта прыносіць гітару
на старыя вэнэрычныя могілкі,
на магілкі першых прэзыдэнтаў Зямлі,
і сьпявае свой хіт
“Не размаўляй на мове
марсіянскага акупанта”.
Яго сьпеў маркотны;
яго даўгія кудлатыя валасы
набягаюць на лысіну, нібы хвалі
(першая, другая, трэцяя)
тых, што таксама эмігравалі.

Х-ХІ

Верш, падпісаны: К. Стрычнік,
і верш, падпісаны: Л.І. Стапад, –
вось і ўсё, што ад яго засталося.
К. Стрычнік напісаў верш пра Леніна,
Л. І. Стапад – пра восень.
Апошняя думка прыйшла да яго,
калі стала ўжо не балюча:
“У калысцы я быў адзін,
чаму мы ляжым тут кучай?..”
Бралі яго,
як нацдэма,
як і іншых тады.

Памаліся за яго таксама,
калі Дзяды.