Бэтмэн вяртаецца

penbelarus.org · Анатоль Івашчанка - Бэтмэн вяртаецца

Лісьце зь бязвыйсьця пад колы кідаецца
клёны з праклёнамі ў шыбу ўзасмок.
Шчоўкае горад сталёвымі сківіцамі,
фары ўгрызаюцца ў чэзлы паўзмрок.
Бэтмэн вяртаецца з рэйду пад раніцу
ў свой запляваны цёмны пад’езд.
Сьлізгае ў фортку дзеўчына-котка,
зрэшты, цяпер крыху не да яе.
Ўсё у парадку. Айфон – на зарадку.
Піва ў лядоўню, крылы ў кут.
Выхапіць поўня надпіс няроўны
маркерам чорным:
“LU.. НА МУКУ”.

Бэтмэн кладзецца ў ложак астылы
зь веданьнем пэўным: хутка гамон
прыйдзе рэжыму, й ні Джокер зь Пінгвінам
не ўратуюць, ні НКУС, ні АМОН.

Сьпіце ж спакойна й вы, гараджане.
Волі сьвітаньне не за гарой.
Цемра растане. Пасьпі й ты, кажане.
Хутка на працу,
супергерой.