Джэйн Остэн. Пыха і перадузятасць (фрагмент)

penbelarus.org · Джэй Остэн. Пыха і перадузятасць. Раздзел 1 (пер. Г. Янкута)

Раздзел 1

Раздзел І

Ніхто не будзе аспрэчваць ісціну, што любы заможны халасцяк мае патрэбу ў жонцы.

Як бы мала ні былі вядомыя пачуцці і погляды такога чалавека, які кагадзе пасяліўся побач, гэтая ісціна так трывала сядзіць у галовах усіх суседзяў, што яго адразу ж пачынаюць разглядаць як законную ўласнасць не той, дык іншай сваёй дачкі.

— Мой дарагі містар Бэнэт, — сказала аднае раніцы жонка мужу, — ці чулі вы, што Нэзэрфілд-парк урэшце арандавалі?

Містар Бэнэт адказаў, што пакуль не чуў.

— Дык вось, яго арандавалі, — працягнула місіс Бэнэт. — Толькі што прыходзіла місіс Лонг і ўсё мне расказала.

Містар Бэнэт прамаўчаў.

— Хіба вы не хочаце ведаць, хто наш новы сусед? — нецярпліва ўсклікнула яго жонка.
— Вы хочаце расказаць, а я не супраць таго, каб паслухаць.

Гэтага было дастаткова.

— Дык вось, мой дарагі, місіс Лонг сказала, што Нэзэрфілд арандаваў вельмі багаты малады чалавек з Паўночнай Англіі. Ён прыязджаў у панядзелак у карэце, запрэжанай чацверыком, каб агледзець маёнтак, і быў у такім захапленні, што адразу ж дамовіўся з містарам Морысам. Ён хоча пераехаць да Міхайлава дня, а некаторыя слугі будуць там ужо пры канцы наступнага тыдня.

— Як яго завуць?
— Бінглі.
— Ён жанаты?
— Ах, дарагі мой, у тым і рэч, што халасты! Халасты і багаты, чатыры ці пяць тысяч гадавога прыбытку. Якая ўдача для нашых дзяўчатак!
— Удача? А пры чым тут нашы дзяўчаткі?
— Мой дарагі містар Бэнэт, — адказала яго жонка, — як вы можаце быць такім нудным? Вы ж разумееце, што я маю на ўвазе яго жаніцьбу з адной з нашых дачок.
— Думаеце, ён пераязджае сюды з такім намерам?
— Намерам? Глупства, як вы можаце так гаварыць! Але цалкам магчыма, што ён закахаецца ў адну з іх, і таму вы мусіце наведацца да яго, як толькі ён прыедзе.
— Не бачу ніякай падставы гэта рабіць. Але вы можаце схадзіць да яго з дзяўчатамі ці адправіць іх саміх. Так будзе нават лепей, а то раптам містар Бінглі найбольш упадабае вас. Вы ж нічым не горшая за нашых дачок.
— Мой дарагі, вы мяне перахвальваеце! Калісьці, безумоўна, і я не была пазбаўленая прыгажосці, але цяпер ужо не лічу сябе незвычайнай красуняй. Калі ў жанчыны пяць дарослых дачок, яна мусіць забыць пра ўласную прыгажосць.
— Думаю, у жанчыны на той час застаецца няшмат пра што забываць.
— Але, мой дарагі, вы абавязкова мусіце паехаць да містара Бінглі, як толькі ён тут паселіцца.
— Не сумнявайцеся — на гэта я не пагаджуся.
— Але падумайце пра вашых дачок. Толькі ўявіце, як добра адна з іх можа ўладкавацца. Сэр Уільям і лэдзі Лукас адразу ж кінуцца туды выключна з гэтай мэтай. А яны ж ніколі не наведваюць новых суседзяў! Вы абавязкова паедзеце да містара Бінглі, бо іначай мы
не зможам яго наведваць.
— О, вы занадта далікатная. Асмелюся дапусціць, што містар Бінглі будзе вельмі рады бачыць вас. Да таго ж я перадам яму з вамі цыдулачку са сваім бацькоўскім блаславеннем на яго шлюб з любой маёй дачкой — на яго густ. Мабыць, варта закінуць слоўца-другое
за маю маленькую Лізі.
— Спадзяюся, вы гэтага не зробіце. Лізі нічым не
лепшая за астатніх, і я ўпэўненая, што яна нават напалову не такая прыгожая, як Джэйн, і напалову не такая вясёлая, як Лідыя. Але вы заўсёды аддаяце перавагу ёй.
— Ніводная з іх не мае асаблівых пераваг, — адказаў ён. — Яны такія ж дурныя і цёмныя, як іншыя дзяўчаты. Проста Лізі крыху больш кемлівая за астатніх.
— Містар Бэнэт, як вы можаце так зневажаць уласных дзяцей? Вам проста падабаецца раздражняць мяне! Вы зусім не шкадуеце мае бедныя нервы!
— Вы памыляецеся, дарагая. Я вельмі пачціва стаўлюся да вашых нерваў. Яны мае старыя сябры. Вы няспынна расказваеце мне пра іх апошнія дваццаць гадоў.
— Ах, вы нават не ўяўляеце, як я пакутую!
— Але я спадзяюся, усё палепшыцца, і вы дажывяце да таго часу, калі ў ваколіцы паселіцца безліч маладых людзей з прыбыткам чатыры тысячы на год.
— Хай іх будзе нават дваццаць, ніякае нам з гэтага карысці. Вы ж не захочаце да іх паехаць!
— Не сумнявайцеся, дарагая: калі іх будзе дваццаць, я аб’еду іх усіх за раз.

Містар Бэнэт так незвычайна спалучаў у сабе жывы розум, саркастычны гумар, стрыманасць і дзівацтва, што яго жонка нават пасля дваццаці трох гадоў сумеснага жыцця не магла ў ім разабрацца. Зразумець яе характар было нашмат прасцей. Яна была жанчынай пасрэднага розуму, недастатковых ведаў і няўстойлівага настрою. Калі яна раздражнялася, то лічыла, што ў яе праблемы з нервамі. Мэтай яе жыцця было выдаць дачок замуж, а яго ўцехай — візіты і навіны.