Эдэльвайс

penbelarus.org · Марыя Мартысевіч - Эдэльвайс

Ён закінуў і лабы, і пабы,
ён забыўся пра пільснэр і вайс,
як Маленькі Прынц рваў баабабы,
ён расьціў для яе эдльвайс.

Ён гаршчок ставіў на антрэсолі,
грэў дыханьнем у люты мароз,
батанічныя кнігі мусоліў –
эдэльвайс жа, паскуда, ня рос.

Ён бадзяўся па Менскім узвышшы,
начаваў на Дзяржынскай гары,
жыў на дахах, дзе коткі ды мышы,
эдэльвайс жа ня рос, хоць згары!

Ён угнойваў і гэтым, і гэтым,
Дзень і ноч не змыкаў жалюзі
пад намёкі: “Ня трэба букетаў.
Лепей, мілы, у Альпы звазі”.

Але льга сягнуць зораў скрозь церні!
Не пасьпеў надыйсьці Новы Год,
ён прынёс ёй прыўкрасны бязьмерна
сьціплы горны цьвяток, ідыёт.