Кот Вандрусь Ставодны быў сапраўдным шчасліўчыкам! Таму што аднойчы выйграў у латарэю дзесяць мільёнаў шылінгаў.
Назаўтра ён адразу падаўся ў брокерскае агенцтва і выканаў сваё найвялікшае жаданне: набыў сабе востраў у Паўднёвым моры! Развітаўшыся з сяброўкамі, ён падняўся на параход і паплыў насустрач уласным марам.
Праз два тыдні марскога падарожжа ён прыплыў на востраў.
Але брокеры абулі яго ў лапці! Памерам той востраў быў у тры квадратныя метры. Яго толькі і хапіла, каб паставіць ложак, які Вандрусь узяў з сабой. Параход паплыў далей, а кот застаўся на востраве. «Трошкі малаваты для дзесяці мільёнаў, – падумаў ён. – Ну і ладна, востраў і востраў, на ім во нават пальма расце!»
Усё магло атрымацца нашмат горш: бываюць жа зусім голыя астравы ці такія малыя, што ніякі ложак не змесціцца. А гэты — акурат тое, што трэба! Вось чаго яшчэ не хапае? Ложак, цень ад пальмы, вакол мора, свежае паветра і мяккі матрац! Так Вандрусь і застаўся на цэлы год на гэтым ліліпуцкім воставе. Штотыдзень дзве мышкі на маленькім параходзіку прывозілі яму пошту, кнігі і сёе-тое з ежы. А калі пазней яго трошкі пачала разбіраць нудота, ён узяў да сябе двух пастаяльцаў: жабку і мышку.
І калі б яго шматлікія сяброўкі не пісалі яму столькі тужлівых лістоў, застаўся б кот Вандрусь Ставодны на сваім востраве навечна!