Эрвін Мозэр. Тыгр-выхваляка

penbelarus.org · Эрвін Мозэр - Тыгр-выхваляка (пер. С. Матырка)

Цырк паставіў свой шацёр на ўскрайку горада. А пасля абеду па вуліцам з помпай і фанфарамі прайшліся артысты, запрашаючы жыхароў на вячэрняе прадстаўленне.

Цырк называўся «дэ Пацукль». Выступалі ў ім збольшага пацукі ды мышы. Не сказаць, каб цырк вялікі і раскошны, але нешта незвычайнае ў ім было, якраз гэта і цікавіла. Квіткі раскупілі на раз-два. Прыйшлі ледзь не ўсе жыхары горада.

Дырэктар цырка Шчур’е дэ Пацукль аб’яўляў нумар за нумарам. Выступалі: мышы-жанглёры, пацукі-клоўны, мышы на батуце, тушканчыкі з нумарамі на сркут галавы, тхор-ілюзіяніст і мышы на трапецыі. Пасля кожнага нумара публіка ў захапленні пляскала ў далоні. І толькі адзін тыгр псаваў усю карціну. Ён то буркаў нешта сабе пад нос, то гарланіў: «Бу-у-у! Сто разоў такое бачыў! Абы-што! Ды я гэта ўва сне адной левай!»

Гледачы спрабавалі яго ўгаманіць, але ён не змаўкаў.

І вось на арэне гвозд праграмы: на канат выйшаў дырэктар дэ Пацукль уласнай персонай. Напяліўшы на галаву смешны доўгі цыліндр, ён сеў на аднаколавы веласіпед, узяў балансір і пачаў роўненька ездзіць на канаце сюды-туды. У публікі аж дыханне заняло.

— Бу-у-у! — закрычаў тыгр. — Падманшчыкі! Я такое кожны дзень перад сняданкам раблю!

Тут у дырэктара цырка лопнула цярпенне. Ён спыніўся пасярод каната і прапанаваў тыгру падняцца да яго. Тыгр зніякавеў. Толькі нікуды не зденешся, публіка зайшлася ў авацыях, усе хацелі пабачыць тыгра на канаце. І тыгр, ад якога цяпер не было чуваць ні гуку, усё ж пакараскаўся пад купал. Адна мышка падала яму маленечкі парасон, каб было чым утрымліваць раўнавагу.

Тыгр узяў сябе ў лапы і смела зрабіў крок наперад. Чаго-чаго, а мужнасці ў яго было не адняць! Анягож, ён жа не абы-хто, а тыгр! Але потым ён згубіў раўнавагу і паляцеў уніз. Праўда пяць абачлівых мышак загадзя расцягнулі на манежы батут, таму пасадка была мяккай. Тыгр нават атрымаў сваю порцыю апладысментаў.

Хуценька пакланіўшыся, крыху збіты з панталыку і даволі збянтэжаны, тыгр-выхваляка пакінуў шоў.