Галава-жбан

penbelarus.org · Наста Манцэвіч - Галава-жбан

Мая галава — як пусты жбан,
там нічога няма, што б магло зацікавіць.
Пустата — гэта нуль,
бездажджовасць хмар,
безнаяўны разлік
без прысутнасці марак
у кішэні.

Што ж ты будзеш рабіць?
Нарадзіўся такім,
больш дакладна — мяне нарадзілі.
Сам нічога ў гэтым жыцці не зрабіў,
нарадзіцца не змог — нарадзілі,
не падумаўшы.

Галава — жбан,
галава — бот,
балюча галаве, бо
галава навучылася марыць.