Генры Алан Фаган. Мой дом стаіць ля мора…

penbelarus.org · Генры Алан Фаган. Мой дом стаіць ля мора... (пер. Г. Янкута)

Мой дом стаіць ля мора. Уначы
            чуваць, як б’юцца пенныя валы
            і ля скалы, дзе мой дамок малы,
прыбой шалее злы і хваль бічы.
Чуваць, як бура стогне, равучы,
            бы душы тых, каго пракляў нябыт,
            што не спачылі між магільных пліт,
чыім пакутам не дапамагчы.

Гарыць агмень, камін дае цяпло.
            Чуваць, як шторм бушуе за акном,
            чуваць, як вецер ломіцца ў мой дом,
але ўнутры — утульнае жытло.
Хай ноч, хай навальніца, хай валы —
стаіць скала, а з ёй —дамок малы.

пераклад з афрыкаанс