Ва ўніверсаме побач з маім домам
атмасфера, сярэдняя між Гамораю і Садомам.
Размёўшы партыю, выпечаную ўначы,
пільнуе народ велікодныя кулічы.
Сціжма людзей незлічоная, пераважна кабеты,
нервуецца і крычыць у пякарню прыблізна гэтак:
– Калі ўжо вынесуць пасхі, маць вашу іціць?!
– Я вам “січас заквашу!” – народу свяціць!
– Я з рынку прыбегла, суседка пільнуе рэчы!
– Муж пільнуе дзяцей! Пашкадуйце малечу!
– Цешча ля цэрквы зранку трымае чаргу!
Ганіце маю абаранку – і я бягу!
– Дзве першыя – нам! Мы першыя занялі!
– Я ветэранка вайны, я брала Берлін!
Цяжарныя млеюць, варта паклікаць лекара,
але сціжма блытае і патрабуе пекара.
Пекар выходзіць з пякарні рашучы і хмуры,
пекар выкладвае на прылавак мускулатуру:
– Я ВАМ ШОБЛЯ, СТАРУКІ??? ГЭТА ВАМ ШОБЛЯ, ПЕЧЫВА???
СТЫНЕ ГЛАЗУР, ПРАВАСЛАЎНЫЯ! ЧАКАЙЦЕ ДА ВЕЧАРА!
О, раны Хрыстовы! О, сонца святой зямлі…
– Вас Бог пакарае, сытыя кабялі!!!
– Не па-хрысціянску гэта! Вы ўсе жыды!
– ШО ТЫ ТАМ ВЯКНУЎ?! АНУБЛЯ, ІДЗІ СЮДЫ!
– Гаўно твае пасхі! Тры разынкі на чан!
– МУЖЫК, ТЫ НАРВАЎСЯ, АНУ ПАДСТАЎЛЯЙ КАЧАН!
– Магазінныя морды!
– Сраныя кулінары!
– КНІГА СКАРГАЎ І ПРАПАНОВАЎ – У КАФЭ-БАРЫ!
– Распяць яго!..
Пекар яўна трапіў у нерат:
сціжма паволі пасоўваецца наперад.
Усіх вядзе ветэранка, сівыя буклі – вярбой.
Ва ўніверсаме распачынаецца бой…
…А мы з бабуляй у хаце, мы расчынілі дрожджы.
Бабуля сказала, муку таксама трэба, але папожжы.