Лёша плакаў, а мы яму спачувалі…

penbelarus.org · Наста Манцэвіча - Лёша плакаў, а мы яму спачувалі...

Лёша плакаў, а мы яму спачувалі. У кабаку акрамя нас не было нікога. Мы пілі піва, а пасля Лёша пачаў расказваць пра брата і раптам заплакаў. Я разгубіўся, а Света дастала адкульсьці папяровыя  сурвэткі – запахла бэзам, Лёша выціраў слёзы, румзаў, камячыў мокрыя сурвэткі ў руцэ. Я глядзеў на Свету і думаў, што ніколі не нашу з сабой сурвэткі – напэўна, мне ў галаву не прыйдзе плакаць на людзях.

Мы выйшлі. Прайшлі разам да метро, у паветры грукатала, будзе дождж – чамусьці сказала Света, хаця і мне, і Лёшу гэта было зразумела. Ад метро да дому ісці хвілін дзесяць, я дабег пад дажджом за пяць, ліла так, што наскрозь я прамок адразу – з-за вады, што цякла па твары было амаль нічога не бачна, я змахваў яе рукой, аблізваў мокрыя вусны, бег, думаў – не на таго напаў – пачынаў бегчы хутчэй.

Дома мяне сустрэў кот, мы адправілі на батарэю спачатку джынсы, сарочку, да іх далучыліся майка, шкарпэткі, трусы. Я паглядзеў на ўсю гэту кампанію і падумаў, што ў кампанію да папяровых сурвэтак далучаецца парасон – яшчэ адна рэч, якую ніколі не бяру з сабой. Я тлумачу гэта лянотай і дрэннай памяццю – магу пакінуць яго ў тым самым кабаку дзе сядзелі мы сёння, у тралейбусе, або ў гасцях у Светы. У думках я кажу гэта ўсё Свеце і нібыта апраўдваюся, Света глядзіць на мяне з папрокам, кажа – а раптам дождж? Я смяюся, хаха, я не баюся дажджу. Кот спыняе мае думкі працяглым мяў. Я разумею, што стаю зусім голы – адзін – на кухні. За вакном ліе дождж і раптам не ведаю абсалютна без прычыны я пачынаю плакаць. Кап-кап-кап сцякае вада з адзежы, што вісіць на батарэі. Кап-кап-кап паўтараю за ёй я. Кот не ведае куды яму глядзець – на мяне або на кроплі, што капаюць на падлогу. Я паказваю яму ў бок батарэі, ён не слухаецца, муркоча і трэцца аб нагу. Я апускаюся на падлогу і – нарэшце – заходжуся ад плачу.