Мабілізацыя

penbelarus.org · Марыя Мартысевіч - Мабілізацыя

Вось адзін мой дзядзька. Без цёткі не можа жыць,
як яе няма – зрываецца і бяжыць,
потым падае, сікаецца і скавыча тупа.
Цётка кажа, гэта Альцгеймер у яго галаве
заступіў яму розум і звіліны мозгу рве,
абяцае, што дасць яму пастраляць па Маскве
і сягнуць на эсмінцы тваіх берагоў, Гвадэлупа.

Вось другі мой дзядзька. Ён доўга жыў у глушы,
у яго галаве насіліся скавышы,
ён уцёк з дому, сеў на цягнік – і вось ён у Вільні.
Мая цётка й кузіны не ведаюць, што ён там,
танчыць на Гедыміна й паказвае “фак” мянтам,
але хутка Блэйлер скамандуе: “По местам!” –
і аформіць загад, і дашле яму на мабільны.

А вось ты. Ты – мой сябар і ты надзвычай круты,
ты даеш часу хабар і жжош – за сабой масты,
але будзь ты знаток, футбаліст, рэканструктар ці геймер,
два на метр і два ў глыбіню – гэта й твой маштаб.
Першы трэмар – ну вось, і цябе выклікаюць у штаб
генералы Базедаў, Паркінсон і маршал Альцгеймер.