Мішка Чобат

penbelarus.org · Вінцэсь Мудроў - Мiшка Чобат

Калі я вучыўся ў інстытуце… ня буду казаць, у якім, быў у мяне сябар – Мішка Чобат. Займаліся мы зь ім у адной групе, і Мішка той быў добрым знаўцам клясычнай расейскай літаратуры. Аднойчы нават выйшаў пераможцам конкурсу мясцовых пушкіністаў. Меў ён са сваіх ведаў і сякую-такую капейчыну: кожнага году, у траўні, пісаў на замову творапісы для школьных іспытаў. Пачыналіся яны так: “Аповесьць Мікалая Васілевіча Гогаля “Шынель” згуляла вялікую ролю ў разьвіцьці расейскай літаратуры”. Назвы твораў і аўтары, вядома ж, вар’іраваліся. У наступным сказе Мішка згадваў якога-небудзь літаратурнага аўтарытэта. Скажам, у выпадку з памянёным аповедам цытаваліся словы Хведара Дастоеўскага. Ну, гэтыя: “Усе мы выйшлі з гогалеўскага “Шыняля”. Калі-нікалі Мішка даваў пачытаць свае опусы (“Зірні, можа памылкі ўбачыш”), і калі я іх чытаў – ня ведаю нават, зь якой прычыны, — у душы гучалі песьні. Прачытаю, for example, словы Дастоеўскага, і ўвушшу гучыць рэвалюцыйны марш: “Вышли мы все из “Шинели”, дети семьи трудовой…” І пры гэтым да мужных мужчынскіх галасоў абавязкова далучаўся высокі бабін фальцэт.

Мне найбольш запомніўся творапіс па гогалеўскім “Шынялі”, таму яго і згадваю. Надта шчымліва апісаў сябрук галоўнага героя –Акакія Акакіевіча. Прыніжанага і зацкаванага чалавека, які сядзеў доўгімі вечарамі ў цемры, бо эканоміў на сьвечках. І ўсё дзеля таго, каб набыць сабе прыстойнае адзеньне. ”Вось ён, сьвет сацыяльнай няроўнасьці і несправядлівасьці!” – з патасам гукаў пры канцы творапісу Мішка Чобат, гарантуючы тым, хто здолеў перапісаць тэкст без артаграфічных памылак, пяцёрку на выпускных іспытах.

Між тым, як і ў гогалеўскага героя, які марыў пашыць сабе форменны шынель, была ў Мішкі свая мара: набыць фірмовыя джынсы. На календары быў пачатак сямідзясятых. Джынсы тады каштавалі вялікіх грошай, дый набыць іх можна было толькі ў партовых гарадах, праз надзейных знаёмцаў. І хаця ў Мішкі лішніх грошай ніколі не вялося, мара набыць мадняцкую абнову не адпускала, незаўважна ператварыўшыся ў сэнс жыцьця. І атабарылася яна ў Мішкавай душы ня проста так. На другім курсе сябрук закахаўся. І не абы ў каго, а ў Ленку Пэрэльцвайг, лябарантку з факультэту прыродазнаўства. На яе ў нас многія казелілі вокам. Ленчынаму бацьку, галоўнаму рэжысэру тэатра, выпала неяк паехаць на гастролі за мяжу, адкуль ён прывёз дачцы блакітныя “левісы”. У гэтых “левісах” Ленка і гойсала па інстытуцкіх калідорах, факусуючы на сваіх пакручастых клубах захопленыя позіркі ня толькі студэнтаў, але й маладых выкладчыкаў. Ня дзіва, што Мішку апанавала ідэя зраўняцца зь Ленкай, як цяпер кажуць, у прыкідзе, і ў сваіх зманлівых лятунках ён бачыў сябе ў джынсах, у прыталенай, у буйную палоску, югаслаўскай кашулі і з цыгарэтай “Кент” у зубах.

На трэцім курсе, у верасьні, наш курс выправілі “на бульбу”. Завезьлі далёка – аж у Глыбоцкі раён. Удзень мы завіхаліся на бульбяных палетках, а ўвечары ладзілі ў вясковым клюбе танцы ды біліся з тутэйшымі мальцамі. Жылі мы зь Мішкам у хаце дзядзькі Юзіка. Дзядзька, дарэчы, быў жывым увасабленьнем гогалеўскага Башмачкіна: такі ж нізенькі, рабаціністы, зь невялічкім плехам, але не на лобе, а на патыліцы, і з тым колерам твару, які Гогаль трапна назваў гемараідальным.

Дзядзька Юзік жыў бабылём, ад самага ранку хадзіў на падпітку і любіў пагаманіць з намі, студэнтамі. Гаманіць ён мог пра што заўгодна, але ўлюбёнымі тэмамі былі: 1) як пагана жыць у калгасе і 2) якое файнае жыцьцё ў Амэрыцы. Яму, вясковаму гаваруну, лёсіла пабываць у Штатах. Мы спачатку не далі таму веры, але потым, пабачыўшы каляровыя фотаздымкі, на якіх наш суразмоўца – паголены, у фасоністым пінжаку — стаяў на тле нью-ёрскіх хмарачосаў, зірнулі на дзядзьку Юзіка з захапленьнем і павагаю. У Нью-Ёрку жыў ягоны старэйшы брат. Паехаў перад самай вайной на заробкі ў Аргентыну, потым перабраўся ў Амэрыку ды там і застаўся.

— Кожны год, на польскія каляды, пасылку прысылае, — плаксіва-падпітым голасам казаў дзядзька Юзік і асуджана махаў рукой.

Гаспадар наш уставаў а пятай гадзіне. Доўга, са здушанымі воклічамі, мыўся пад рукамыйнікам, піў на кухні гарбату і выпраўляўся парадкаваць гаспадарку. Абуджаныя дзядзькавай валтузьнёй, мы зябка падцягвалі ногі да чэрава і ляжалі з заплюшчанымі вачыма. Такім часам заўсёды карцела пазбыцца лішняй вільгаці, ды лянота была ўставаць. Першым звычайна не вытрымліваў сябрук: выбягаў з хаты ў адных трусах ды майцы.

Выбег ён і тым ранкам. Я, як заўсёды, накрыўся коўдрай з галавой і наструнена чакаў калі рыпнуць дзьверы: пасьля Мішкі быў мой чарод падавацца на двор. Праз пару хвілін сябар звычайна вяртаўся. Аднак гэтым разам прайшло ладна часу, я ўжо стаў задыхацца бязь сьвежага паветра, і, вылезшы з-пад коўдры, падбег да акна.

Тое, што пабачыў, мяне, прызнацца, уразіла. Гаспадар наш раскідваў вілкамі гной па лехах, а за ім – на цырлах, пацепваючыся ад халадэчы, — чыкіляў Мішка Чобат.

Я сьпехам, не патрапляючы нагой у калашыну, апрануўся, адчыніў дзьверы і пачуў, як Мішка крыкнуў з парогу:

— Ды я вам свае аддам. Ім наагул няма зносу. І пляшку “чарніла” наверх…

Мішка наляцеў на мяне ў цёмным прысенку, каротка мацюкнуўся, пабег у сьвятліцу і стаў трэсьці заплечнікам, выцягваючы адтуль свае пацёхканыя, вайсковага крою, нагавіцы.

— Пазыч колькі можаш, заўтра аддам, — мрукнуў сябрук, нават не зірнуўшы ў мой бок.

Я ўдыхнуў паветра, зьбіраючыся спытаць: чаго ён бегаў у трусах па падворку, ды тут ў хату ўвайшоў гаспадар, і мне стала зразумелае Мішкава хваляваньне.

На гаспадару былі фірмовыя джынсы. Яны былі па самыя калені завэзганыя гноем. Джынсяры, па ўсім відаць, прыслаў брат зь Нью-Ёрку, і дзядзька Юзік падумаў, што гэта рабочая вопратка.

У кішэні ў мяне было два рублі з капейкамі.

— Дзеўкі прачнуцца — у іх пазычу, — паведаміў Мішка, дрыготкай рукою пералічваючы грошы. – Дзеўкі з нашай групы жылі ў суседніх хатах.

Дзядзька Юзік зайшоў за фіранку, што вісела ля ложку, з крэканьнем сьцягнуў нагавіцы.

— Давай, твае прымеру.

Мішка схапіў блакітнае, перапэцканае гноем шчасьце, шчоўкнуў пальцам па каляным лэйблу, сьцішана выдыхнуў:

— “Супэр-райфл”! Фірма! Нават лепш за “левісы”! – Але тут жа схамянуўся і, нібыта зьвяртаючыся да мяне, гукнуў у бок рухавай фіранкі: — Колькі б ты даў за такія порткі?

— Пяцёрку можа б і даў, — прамовіў я ў адказ, і Мішка, задаволена падміргнуўшы, нацягнуў нагрэтыя дзядзькавай дупай “супэр-райфлы” на свой худы азадак.

Таго ж дня сябрук адпрасіўся зьезьдзіць да хаты. Паехаў нібыта па грошы, каб вярнуць даўгі, але насамрэч Мішку не цярпелася прайсьціся “па броду” ў фірмовых джынсах. Назад ён не вярнуўся.

Праз тыдзень наша група, атрымаўшы ў калгаснай канторы разьлік, вярнулася дахаты, і я выправіўся наведаць сябра. Мішка ляжаў, дарэшты ўпіты, і зь цяжкасьцю варочаў языком. З усяго ім сказанага я разабраў толькі слова “скралі”. Зрэшты ўжыў ён больш грубае слова. Пра тое, што тут здарылася, дачуўся ад ягонай маці.

“Я якраз бялізну мыла, а тут Мішка ўвальваецца. “Памый, — кажа, — мама, штаны”, — і дае мне нейкія сінія порткі. І дзе ён такія знайшоў? Усё калашыньне ў гноі. Я памыла ды ў двары сушыць павесіла. У нас жа зроду нічога ня кралі, а тут…”

Я слухаў Мішкаву маці і ўяўляў, як сябар, адрыгнуўшы піўным духам, увайшоў у хату, спытаў: “Дзе джынсы?” – і агаломшана кінуўся да акна. На абвіслай вяроўчыне – мне здалося, што менавіта так і было, — чорнай меткай лёсу і белым сьцяжком капітуляцыі перад яго няўдзячнасьцю ды падступнасьцю матляліся на ветры мужчынскія трусы й праедзеныя ў прамежнасьці жаночыя майткі.

У гогалеўскім аповедзе, пасьля таго, як у галоўнага героя злодзеі сьцягнулі шынель, на начных вулках стаў зьяўляцца прывід, які рабаваў мінакоў. Здымаў зь іх шынялі ды футры. Праз пару гадоў у нашым горадзе таксама зьявіўся прывід, які нейкім неверагодным чынам краў з гаўбцоў верхніх паверхаў вывешаныя на прасушку джынсы.

Я тады ўжо вучыўся на пятым курсе, і, вяртаючыся ўначы з пагулянкі, заўважыў на даху аднаго з дамоў цёмную постаць. Чалавек стаяў на краю пляскатага даху й прыглядаўся да разьвешанай на гаўбцы бялізны. У руках ён трымаў ці то сьпінінг, ці то кароткае вудзільна. Мне стала зразумелым – хто і якім чынам крадзе з гаўбцоў джынсы. Твару начнога злодзея ня ўгледзеў, але быў перакананы, што гэта Мішка Чобат.