Ты кажаш, голкай цэнзуры зашыты твой рот,
і ванітоўней, чым сёньня, ужо ня будзе.
А па мне, ўсё ў тваіх руках, пакладзеных на жывот:
нарадзі прэзыдэнта, якога хочаш, – сабе і людзям.
Ты кажаш, Народ і Мова заняпалі дашчэнту.
Дык за чым затрымка? Нарадзі прэзыдэнта.
Скажы сабе: “Як спадарыні Лінкальн і Кенэдзі”, –
і нарадзі.
І ён вырасьце й зможа ўсё зло на сьвеце змагчы:
Папа Рымскі будзе сядзець ля яго зьлева,
Голуб Міру будзе сядзець у яго на плячы,
а ля ног яго – Брытанская каралева, –
бо вы малайцом, мамаша, усё зрабілі, як трэба,
і цяпер усё будзе імем Айца і Сына,
І арол дэмакратыі будзе лунаць над тваёй краінай,
хоць, магчыма, там будзе банальнае мірнае неба.
І ты – прычына таго, што здохла нешта вялікае ў лесе –
прымаючы ў пасьляродавым журналістаў маленькімі групкамі,
адмовісься ад вілы ў Ніцы й на радасьць кансэрватыўнай прэсе
аддасі перавагу хутару недзе пад Крупкамі.
Ты пасадзіш ля хаты півоні, флоксы і мак.
Ён штурхаецца ножкай – гэта харошы знак.
Адчуваеш – ва ўлоньні віруе плацэнта?
Нарадзі прэзідэнта.