Акупацыя – гэта, як правіла, не назаўжды.
Што прапіскай тваёй ні было б: Слуцак, Пінск або Тураў, –
Будзь гатовы: твой горад па сплыве вялікай вады
Удыхне ў свае лёгкія новую камендатуру.
І калі з сінагогі выб’юць няправільны ўрад,
І калі ў сінагогу правільны ўрад уедзе,
Будзь гатовы прымаць на падворку стыхійны парад:
Хлопец з табельнай зброяй, жаўнер апалчэння, суседзі.
“Мы шмат год ненавідзелі злыдняў на злом галавы.
Як так выйшла, што ты спакойна застаўся жывы?”
Ты адкажаш: “Загінуць было, натуральна, лепей.
Але я мусіў жыць: я габрэя хаваў у склепе”.
Суседзі апусцяць свае даўгія нажы.
Хлопец з табельнай зброяй скамандуе: “Пакажы”.
У падполе, дзе паратунак тоіцца твой,
Будзе цяжкі пах, які па сабе пакідаюць людзі,
Міска, посцілка і Пяцікніжжа ветхі сувой.
Будзе ўсё, але габрэя ў схове не будзе.
Уцёк, нібыта быў вязень,
Пархаты блазен!
Вось ён, канец тваёй асабістай вайны:
Хлопец з табельнай зброяй вядзе цябе да сцяны.
Але калі смерць падасца блізкай такой,
Нехта нахіліцца й спыніць кулю рукой.
Хлопец спытае: “Ты ягоны габрэй?”
“Аз есмь, будзь з ім дабрэй”, –
Скажа твой габрэй і ўзнясецца з гары Табар.
Твой няздзейснены кат са ўздыхам схавае табель.
Пры жыцці ты б мог жыць і лепей.
Але помні: габрэй у склепе.