Расколіна

penbelarus.org · Анатоль Івашчанка - Расколіна

у гэтай прасторы ты кожнаму нешта павінны
тут не разважаючы кідаюць кпіны у сьпіны
у цеснай задушлівай рубцы падводнае лодкі
бы пранцы, пладзяцца бясконцыя цёркі ды плёткі

тут б’юць па сваіх (ды чужыя баяцца ня надта)
тут кожны кіруе уласным нябачным парадам
тут ганіць сьвятое здаўна ёсьць прыкметай эстэта
калі вы эстэт – bardzo prosimy ў нашае гета

тут прынцып спрадвечны: ня дзякуючы а насуперак
тут лялька вусатая лічыцца першай красуняю

тут слухаюць дупай, тут лесу з-за дрэваў ня бачаць
тут моўныя курсы засноўвае каця кібальчыч

бязрукія пляскаюць ў ладкі, руіны страляюць
бязрукавы спраўна зьбіраюць паўнюткія залі

тут радыё рокс вызнае крымінальны шансон
а радыё стыль корміць піпл расейскай папсой

пасьля палітэху тут пішуць някепскую прозу
а хлопцы зь філфаку адточваюць форму даносу

тут вучаць у педах майстэрству мастацкага сьвісту
на мове гамэра тут допыт вядуць кадэбісты

тут хаза з баландай нярэдка мянуецца “дом”
тут перадаецца праз гены стакгольмскі сіндром…

пасьля эпікрызу звычайна ідзе эпілог
ды скончым шматкроп’ем зацягнуты свой маналог…