Ён яшчэ ня бачыў, але цудоўна ведаў, што за рогам яго чакае новая зграя монстраў. Адчуваў іх сьмярдзючы ядавіты подых, чуў іхную бесталковую валтузьню ў цемры. Ён набраў паветра, ускінуў кулямёт і запаліў ліхтар на касцы. Пачвары беглі проста на яго кулі, на да чырвані разагрэтую рулю кулямёта… Ён змушаны быў прыціснуцца да сьцяны, распыляючы монстраў у мяса, у чырвона-зялёныя смаркачы. Цэліў проста ў агідныя пашчы. Вантробы расьцякаліся па сьценах, крывава распырскваліся па жалезнай мэблі й дымлівых маніторах. Самыя дужыя пасьпявалі драпануць яго па брані, але ня болей. Наперадзе, ён ведаў, мусіць быць аптэчка. Сапраўды. Можна перавесьці дых. Разьмяць здранцьвелыя ад напружаньня пальцы і… захавацца.
Звон адстрэленых гільзаў рэхам разыходзіўся па апусьцелых калідорах. Разрабы выдатна папрацавалі з гукам.
Амаль поўнае здароўе й браня. Файна. Цяпер у ліфт. Ніжэйшы ярус – апошні на гэтым лэвэлы. Прайсьці яго ён беспасьпяхова спрабаваў ужо тыдзень. Нават пачаў зь нейкай сярэдзіннай захавалкі, каб трапіць сюды зь лепшымі паказьнікамі. Па выхадзе зь ліфту яго чакала вялізная зграя стварэньняў, што пачалі гасіць яго ўсім, здаецца, што толькі было прыдумана ў гэтай гульні. Ды яшчэ на ногі кідалася нейкая пацукападобная поскудзь…
“Кожнай пары – па твары!” – цадзіў ён, коцячы ў агідную гушчу апошнія гранаты, але паказьнік здароўя раставаў на вачах. Усё. “Гейм авёр” – амаль весела канстатаваў ён ці то сам сабе, ці то свайму ноўту і зрабіў некалькі кругавых рухаў плячыма. Моцна балелі запясьці й правы біцэпс. Гадзіньнік на мікрахвалёўцы паказваў 4:00. Пад’ём на працу а палове на восьмую. “Факін шыт!” – інфантыльна мацюкнуўся ён.
Падсьвечваючы сабе шлях мабільным тэлефонам, на непаслухмяных нагах, што вярталі сабе валадарства ў гэтай рэчаіснасьці, ён пачаў прабірацца па цёмным калідоры ад кухні да спальні, дзе мірна дыхала жонка. З чорных кутоў пазірквалі крыважэрныя вочы. “Севачка…” – паўз сон прамармытала жонка. Апошняе, пра што пасьпеў падумаць наш герой перш як патануць у абдоймах Марфея, – падабенства свайго імя з ангельскім словам “save”. І як гэта ён раней не заўважаў?
* * *
Севу сьніліся зялёныя літаркі. Яны даміношкамі падалі ўніз, пакідаючы па сабе каламутны шлейф. Затым Сева прачнуўся (вядома ж, у сьне). Ён сядзеў на кухні, перад выключаным ноўтам, як раптам манітор ажыў, і зялёныя літаркі пасаскоквалі ў фразу: “Тук-тук. Ідзі за белым трусікам”. І тут жа прагучаў званок у дзьверы. Па сьпіне прабегла дрыготка, але Сева рашуча падышоў да дзьвярэй. Адчыніў іх. Там нікога не было. Тады ён зьбег уніз. Паўзь яго двор беглі людзі. “Наступаем?” – спыніў ён кагосьці ў палітоне. “Адыходзім. Плошча перакрыта. Усе бягуць да парку”. І Сева таксама пабег.
У парку калыхаўся немалы шэры натоўп, над якім разносілася: “Ідзі за белым трусам! Ідзі за белым трусам!” Прыслухаўшыся, Сева зразумеў, што насамрэч скандуюць: “Ідзі за Беларусьсю!” Раптам з усіх бакоў, бы прусакі, вельмі хутка пачалі выскокваць аднолькавыя чорныя амонаўцы. Людзі кінуліся наўцёкі. Севавы ногі сталіся ватнымі, і ён толькі стаяў і назіраў, як невялічкая купка маладзёнаў голымі рукамі спрабуе аказваць супраціў дручкам ды кірзачам жаўнераў Урфін Джуса. Ён схапіў тронак ад сьцягу, што ляжаў на ходніку, й пачаў раскідваць амонаўцаў, бы тыбецкі манах. Амонаўцы адступілі, перагрупаваўшыся ў ланцуг. Сева зароў: “За Беларусь!” і пабег проста на чорны ланцуг. За ім беглі астатнія. На ім была лепшая браня. Плазьменны кулямёт распыляў амон у хлам, у чырвона-зялёныя смаркачы…
На ранак усё балела, нібы пасьля сапраўднае бітвы, але галава была ясная. Зь люстэрка ў ваннай пазіралі напаўзаплюшчаныя (ці напаўрасплюшчаныя?) вочы з жоўта-чырвонымі бялкамі.
На працы да абеду адчувалася мулкая спустошанасьць. Дзесьці на перыферыі сьвядомасьці пазумквала думка: “Ну, добра. Хрэн зь ім са здароўем. Хрэн зь ёй з бранёй. Хрэн зь ім з агнямётам ды поўным боекамплектам. Набыць плазьменны кулямёт на ўсе, а там паглядзім…”
Насамрэч Сева ня быў геймерам-псіхапатам з тых, што лепшыя гады жыцьця бавяць у замацюканых ды прасьмярдзелых потам кампутарных клубах. Дарэчы, ён памятаў, як зьяўляліся іх першыя аналагі, што месьціліся ў павільёне метрапалітэна. “Байты”, “сьпектрумы”, “еэскі”… – ад адных гэтых назоваў тады беглі дрыжыкі.
З параметрамі яго цяперашняга компу можна было дазволіць сабе самае сьвежае ды накручанае, але, паўторымся, маньякам Сева ня быў. Яго мала цікавілі пакрокавыя ці рыал-тайм стратэжкі ды іншыя эрпэгэ, за якімі праседжвалі ўвесь магчымы час многія ягоныя супрацоўнікі. Наогул гуляць на працы ён сабе ніколі не дазваляў, адкрыта пагарджаючы тымі, хто трапіў “у сістэму”. Вядома ж, і жонка ня ведала пра Севаву слабасьць, засынаючы з пэўнасьцю, быццам муж па начах дарабляе справаздачы (падчас гульні левая рука заўжды памятала пра спалучэньне альт-таб).
І чаго ж яго настолькі зачапіла звычайная офісная гулька, гэтак званая ізаметрычная стралялка? Ён адчуваў, што за ўсім гэтым стаіць штосьці большае за тупы азарт. Тое была ў пэўным сэнсе разрадка… Трэба было прайсьці гульню да канца, завершыць місію. Пакончыць кібенематары з усім гэтым лайном!..
На абедзе Сева дазволіў таварышу ўгаварыць сябе ўзяць па піву, і стала зусім хораша.
“Хочешь, расскажу последний анекдот про Штирлица?” – запытаўся таварыш. “Валяй”, – млява адказаў Сева, ня дужа верачы ў тое, што такая показка існуе. “Слушай. Штирлиц шел по лесу с автоматом. Вдруг в ближних кустах что-то зашуршало. Штирлиц выпустил несколько очередей, сделал два шага назад и… сохранился”.
Shift – F12
У офіс Сева паднімаўся з намерам дакапацца да сутнасьці. Ён набраў у пашукавіку назву гульні й даволі хутка знайшоў форум яе заўзятараў. Той ракавы ўзровень цікавіў не аднаго яго. Усё было проста. Трэба было дабегчы да жоўтага пагрузчыка, што стаяў ля супрацьлеглай сьцяны, й прабівацца на ім паўз калатушу монстраў да наступнага ліфта. У гэтай місіі не было ўмовы забіць усіх…
Цікава, што форум, на які ён натрапіў, меў беларускі дамэн. Зьнізу быў прычэплены даўжэзны банер, што заклікаў прыйсьці на мітынг. Сева клікнуў па ім. Аказалася, што якраз сёньня “опы” ладзяць сьвяточнае шэсьце. Міма праходзіў супрацоўнік з суседняга століку. “Собираешься сходить?” – запытаў ён. “Да ты что. Одному стрёмно. Пойдём вместе?” – сур’ёзным голасам прапанаваў Сева. “Не вижу во всех этих брожениях большого смысла. Народ их все равно не поддержит. Пока хавает. Выходят одни и те же пару тысяч на двухмиллионный город. Не смешно ли?” “В десятимиллионной Москве еще меньше выходит,” – з усьмешкай парыраваў Сева. “Ну, в Москве!” – апошняе слова сусед вымавіў працяжна, амаль прасьпяваў. – Нам до Москвы-ы-ы. Беражы ныркі, змагар…” – спачувальным шматкроп’ем скончыў размову сусед.
Вядома, Сева нікуды не зьбіраўся. Апошні раз ён хадзіў на падобнае мерапрыемства хіба ў школе, то бок больш за дзесяць гадоў таму, калі не лічыць плошчы ў сакавіку 2006, дзе яны былі разам з гэтым самым супрацоўнікам. Ну, зрэдку праглядаў у Інэце фатаздымкі ды відэа з разгонаў акцыяў. Ня болей…
Shift – F12
Сыходзячы з працы, Сева абдумваў гульню. Ад гэтага ў копчыку крыху сьвярбела. Ён спусьціўся ў фае й пабачыў невялічкі натоўп.
“Что такое?” – запытаў ён у жанчыны, што стаяла ля дзьвярэй, не рашаючыся іх адчыніць. “Шествие какое-то. Вроде, несанкционированное”. Сева адчыніў дзьверы. У вялізны праём уціснулася некалькі супрацоўнікаў у ваганьні – ці перачакаць, ці падбегчы сто метраў да метро. Па прасьпектавым ходніку, праз квартал ад будынку яго працы, у бок Плошчы Перамогі, рушыла шэсьце. Над ім луналі бел-чырвона-белыя ды блакітныя сьцягі. Раптам з-за рогу вуліцы выбег чорны ланцуг з дручкамі. Шалёныя вочы. Іклы. Сьмярдзючы подых з ядавітых пашчаў. Касманаўт, што бег паперадзе, зароў: “Назад-суки-бл*дь!” Людзі шаснулі ў будынак. Сева за імі. У скронях крыху стукала.
Ён падняўся ў свой працоўны пакой. З акна ён бачыў, як у двары чорныя даганяюць дэманстрантаў, ламаюць тронкі сьцягоў, валяць на зямлю, б’юць, б’юць, цягнуць у арку, да аўтазакаў… «Грамотно работают. Блакируйце и рассякайце», – без асаблівай інтанацыі вымавіў хтосьці за сьпінай. Сева ізноў спусьціўся ўніз і вызірнуў на вуліцу. Бойка яшчэ працягвалася, але ўжо безь сьцягоў. Толькі шэры натоўп. Пад’яжджалі новыя цёмна-зялёныя аўтазакі – Сева налічыў сем. Нейкі маладзён кінуў у шкло брудны сьняжок і адбег у арку.
На ходніку ляжаў сьцяг з шасьціканцовым крыжам, на якім адбіліся некалькі вялізных чорных сьлядоў. Доўгая тэлескапічная вуда-тронак была цэлая. Сева ізноў вярнуўся ў будынак. Нетаропка зьняў з пляча торбу з ноўтам, паставіў яе за фіранку ля стала вахцёркі й выйшаў вонкі. Калі прыходзіць наканаванасьць, страх зьнікае – прыгадалася яму чыёсьці выслоўе. І яшчэ ўзьнікла бязглуздая думка, якая ў той момант падалася амаль дасьціпнай: шкада, што ў гэтым месцы нельга перазахавацца. Ён падышоў да вуды, узяў яе, астылую, у далонь і рушыў у бок Плошчы Перамогі, высока падняўшы сьцяг.