У хвалях месяц патануў, нібыта ятаган,
Ад брамы ўсходу свет накрыў малінавы дыван,
Пурпурай стромы апрануў, пяскі – у кінавар.
Там двое рынуліся ўвысь, да ястрабіных мар.
Адзін — умелы працаўнік і спраўны ўсім на здзіў,
Ён Лабірынт пабудаваў, дзе Мінатаўр хадзіў,
Другі — ягоны юны сын, чый акрыліўся дух,
Каго натхняў і гэты ўсход, і крылаў моцных рух.
Яны працялі небасхіл, пакінуўшы зямлю,
Пылінкі ў ранішнім віне, у кубку з крышталю.
Дэдал высока не ўзлятаў, каб сонца не пякло,
Аднак Ікар памкнуў туды, дзе бліскавіц жытло.
Ён папярэджанні забыў, яго эфір узнёс,
Ён выклік кідае багам, сягаючы нябёс,
Ён чорнай плямкаю ляціць у зарыве зары,
І залатым гарыць сярод аблокаў угары.
Ён імчыцца да мяжы, да світальнае імжы,
Толькі дых перапыняюць ледзяных вышынь нажы,
Бо таяцца ад смяротных паднябесся міражы.
І, натхнёны сілай крыл, ён крычыць што мае сіл,
І з грудзей ірвецца сэрца, наталяе прагу выш,
У аблоках ён лунае і кружляе, быццам стрыж.
Толькі воск у вышыні растапілі прамяні,
І палёт перапыніўся, і зламалася крыло,
І рассыпалася пер’е, і дыханне адняло.
Ах, Ікар, палоннік мрой, быў палёт нядоўгі твой,
Ды жыве ў стагоддзях памяць, як ляцеў ты, бы герой,
Толькі слава засталася, і сатлеў жалобны строй.
Ты імчаў, твой смех гучаў, ты гісторыю пачаў,
Летуценнік, што на крылах праляцеў дзесяткі ліг
І здалеў зламанай дзідай легіёны духаў злых.
Дзе зблякае неба сінь, дом знайшоў ён між вышынь:
Там, адкуль сыходзіць холад і ахутвае абшар,
Двое крылаў бачна ў ззянні і яго дыхання пар.
І бывае, што цяпер нам чуваць з нябесных сфер
Спеў таго, якому рэхам адгукаецца прастор:
Ён на паламаных крылах ўсё яшчэ сягае зор!
пераклад з ангельскай