Увайшоў? Ну давай, прабірайся цішком,
госць неразуты.
Вось пад кранам насыпана парашком
(нехта з хатніх працуе з мазутам).
Вось вядро чырвонае, ў ім ануча сухая,
вось астра на падваконні, яна высыхае,
вось парцаляна ў секцыі, вось чыгунная ванна,
вось радыёдатчык (унізе машына запаркаваная),
вось футраная цацка – мядзведзь вялізны,
вось даляры ў шкарпэтцы, у ніжняй шуфлядзе з бялізнай,
вось нацыянальны пашпарт – у ім мультывіза,
вось кампутар, накрыты сурвэткай, нібы тэлевізар,
вось тэлевізар на кухні, вось тэлевізар у залі,
праходзь, мы яшчэ не ўсё табе паказалі,
вось люстра ў раме з парэшткамі пазалоты,
вось кеды, сандалі, чаравікі, камелоты,
вось кілім на сцяне, вось на падлозе кілім,
вось канапа і ложак – на іх мы спім,
вось алень-гадзіннік – ён адлічвае час,
вось чорная цемра – яна праглынула нас.
І ў гэтай густой, неправетранай цемрадзі
ты ўбачыш зваду і горыч – іх і крадзі.